Цягам 19 лістапада ў Расеі два буйныя здарэнні былі звязаныя з газам: ад выбуху ў доме на Сахаліне загінулі прынамсі 9 чалавек, а ад выбуху газаправоду пад Санкт-Пецярбургам, паводле папярэдніх звестак, ахвяраў няма.
У пасёлку Тымоўскае ў цэнтры вострава Сахалін днём 19 лістапада выбухнуў газ, ад выбуху абваліўся пад’езд 5-павярховага жылога дому, расказвае «Meduza». Ад выбуху загінулі дзевяць чалавек, з якіх чацвёра дзеці. Агулам у пад’ездзе жылі 33 чалавекі.
Дом, у якім выбухнуў газ, не быў газіфікаваны. Паводле папярэдніх звестак, выбухнуў газавы балон, які ляжаў на балконе адной з кватэраў. З прычыны выбуху Следчы камітэт Расеі распачаў крымінальную справу. Жыхароў іншых пад’ездаў, якія ацалелі, часова змесцяць у Дом культуры.
Таксама днём 19 лістапада жыхары ўсходу Санкт-Пецярбургу назіралі моцны выбух – шматлікія відавочцы апублікавалі відэа. Паводле мясцовых уладаў, выбухнуў газаправод, пацярпелых няма, як няма і пагрозы распаўсюду агню. Пажар ліквідуюць, прычыны высвятляюць.
Алесь Наваборскі belsat.eu