Што за лагістычны цэнтр, куды пасялілі мігрантаў каля польскай мяжы


У ноч на 17 лістапада пасля сутыкненняў мігрантаў з польскімі памежнікамі пад кантролем беларускіх сілавікоў частцы мігрантаў далі прытулак у лагістычным цэнтры «Брузгі». Што гэта за будынак?

Юрый Караеў і мігранты ў транспартна-лагістычным цэнтры «Брузгі» на беларуска-польскай мяжы. Больш за 500 мігрантаў пакінулі намётавы лагер на мяжы Беларусі з Польшчай і пераехалі ў цэнтр «Брузгі», дзе ім было прапанавана часовае размяшчэнне. Гарадзенская вобласць, Беларусь. 18 лістапада 2021 года.
Фота: Леанід Шчаглоў / TASS / Forum

Паводле розных крыніцаў, у цэнтр «Брузгі» трапілі ад тысячы да дзвюх тысячаў чалавек. Хоць улады сцвярджаюць, што ў лагістычны цэнтр змясцілі ўсіх мігрантаў, падобна, што там начавалі не ўсе: арабскамоўны Telegram-канал пра міграцыю публікуе відэа, паводле якога, як сцвярджаюць, у ноч на 19 лістапада натоўп людзей сядзіць ля вогнішча ў намётавым мястэчку на дварэ.

Якія ўмовы на складзе

Будынак стаіць за 1 км ад пераходу Брузгі на трасе М6. Агульная плошча комплексу – 10 тысячаў м². Склад разлічаны на 8500 палетамесцаў, то бок месцаў для паддонаў 100 х 120 см. У комплекс разам са складам уваходзіць стаянка на 200 машынамесцаў, гатэль на 40 месцаў, кавярня і аддзяленне банку, халадзільная камера, фітасанітарная і ветэрынарная служба. Ці засялілі кагосьці ў гатэль, невядома.

Склад не прыстасаваны для пражывання людзей: у ім ёсць толькі стэлажы для грузаў і працоўныя месцы для пары дзясяткаў чалавек. На відэа з цэнтру людзі спяць на некалькіх ярусах стэлажоў, адзін над адным.

Відэа: bnkbel / Telegram

Памяшканне складу ацяпляюць, ёсць уласная кацельная, але на відэа са складу людзі ў куртках і кофтах, нават шапках. На фота Памежнага камітэту відаць, што мігранты могуць наладаваць тэлефоны ў памяшканні.

Паводле асобы, звязанай са складамі «Брэміна», прыбіральні на складзе ёсць, а на фота Памежнага камітэту відаць, што біяпрыбіральні паставілі і звонку. Умываюцца людзі з цыстэрнаў на стаянцы.

У цэнтр учора прывезлі партыю гуманітарнай дапамогі, прыгналі аўталаўку, імправізаваную «Табакерку», зладзілі пункт абмену валютаў. Шаўрма ў шапіку пад складам каштуе 15-20 беларускіх рублёў. Раздавалі гарачую ежу і гарбату з вайсковай палявой кухні. Улады сцвярджаюць, што мігрантам хапае коўдраў і падушак.

Карупцыйны цэнтр?

Транспартава-лагістычны цэнтр, тады яшчэ пад назваю «Брэміна-Брузгі», адкрыўся паблізу беларуска-польскай мяжы ўзімку 2016 года.

Комплекс збудавала прадпрыемства «ВЛАТЭ Лагістык» паводле інвестыцыйнай дамовы з Гарадзенскім аблвыканкамам сіламі «Горадняпрамбуду». Размяшчэнне ля памежнага пераходу дае магчымасць заязджаць туды па вылучанай дарожнай паласе без афармлення працэдуры мытнага транзіту, а ўжо там праходзіць усе працэдуры мытнага афармлення. Гэта мае паскорыць пераход мяжы цяжкавікам да 10–15 хвілінаў: грузавік можа не стаяць на пункце пропуску, а заехаць у адасоблены цэнтр. У ім маркуюць алкаголь акцызнымі маркамі, маркуюць абутак ды іншыя тавары адмысловымі кодамі.

Таварыства «ВЛАТЭ Лагістык» зарэгістраванае ў 2013 годзе, уваходзіць у групу кампаніяў «Брэміна груп» – нацыянальнага лагістычнага аператара. Валодае не толькі цэнтрам «Брузгі», але і аналагічным комплексам «Бераставіца» каля памежнага пераходу на трасе са Слоніму на Беласток.

«Брэміна» мае падобны цэнтр і каля Воршы, у Балбасаве ля расейскай мяжы. Там на загад Лукашэнкі стварылі асаблівую эканамічную зону – фактычна афшор. У тым цэнтры ёсць нават аэрадром.

Група кампаніяў атрымала выключнае права будаваць мытныя тэрміналы на межах Беларусі і вызваленая ад сплаты падаткаў. Даходы з экспартна-імпартных схемаў, як паказала журналісцкае расследаванне, група пераводзіць праз фірмы з бенефіцыярамі на Кіпры.

«Гэтая фірма зарабляе на транзіце, пазбягаючы мытных плацяжоў і выплаты падаткаў, – тлумачыў раней эканамічны аглядальнік «Белсату» Станіслаў Івашкевіч. – З расследавання нашых малдаўскіх калегаў, якое працягнулі мы, можна меркаваць, што яны займаліся рээкспартам заходніх прадуктаў у Расею, у прыватнасці польскіх яблыкаў пад выглядам малдаўскіх».

Кампанія таксама аказалася звязанаю з кветкавым бізнесам.

«Брэміна» разам з кіраўнікамі трапіла пад санкцыі Еўразвязу і Злучаных Штатаў улетку 2021 года. Кампаніяй валодаюць Аляксандр Зайцаў, былы памочнік Віктара Лукашэнкі, а таксама Мікалай Варабей і Аляксей Алексін – іх усіх называюць бізнесоўцамі набліжанымі ды Лукашэнкі.

Чытайце таксама:

АА belsat.eu

Стужка навінаў