У Менскім гарадскім судзе з 15 лістапада судзяць палітзняволеную маці пяцярых дзяцей Вольгу Залатар. Яе вінавацяць паводле наступных артыкулаў Крымінальнага кодэксу: ч. 1 арт. 361-1 («Стварэнне экстрэмісцкага фармавання»), ч. 1 і 2 арт. 342 («Арганізацыя і навучанне дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак»), ч. 1 арт. 16, ч. 1 арт. 342 («Спрыянне арганізацыі дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак»).
На судзе над палітзняволенай дапыталі сведак і даследавалі пісьмовыя матэрыялы справы, падчас якіх агучылі заключэнні экспертаў ды матэрыялы праверкі з нагоды цялесных пашкоджанняў у Вольгі Залатар пасля затрымання, паведамляе праваабарончы цэнтр «Вясна».
Раней былы адвакат палітзняволенай Андрэй Мачалаў распавёў, што пасля затрымання ў ГУБАЗіКу Вольгу збівалі, выбіваючы паролі ад тэлефона. За гэта адваката пазбавілі ліцэнзіі. Адвакаты выявілі ў жанчыны сінякі на руках і шыі, сінякі на ягадзіцах.
З матэрыялаў справы, агучаных на судзе, стала вядома, што эксперты аглядалі Вольгу ў ізалятары толькі 6 красавіка – больш як праз два тыдні пасля затрымання. У заключэнні яны пазначылі, што пры аглядзе экспертам у Залатар цялесных пашкоджанняў не выявілі. Пры гэтым у палітзняволенай былі сінякі сіняга колеру на левай і правай ягадзіцы, якія маглі ўтварыцца ад траўматычных уздзеянняў і тупога прадмета.
Залатар і ейны абаронца Мачалаў падавалі заяву, каб пачалі крымінальнай справы супраць супрацоўніка ГУБАЗіКу Цверацінава за перавышэнне ўлады і службовых паўнамоцтваў (артыкулы 424 і 426 Крымінальнага кодэксу). Але 20 красавіка ў крымінальнай справе адмовілі на падставе нібыта адсутнасці ў яго дзеяннях складу злачынства. У СК пастанавілі, што «заявы Залатар аб прычыненні ёй цялесных пашкоджанняў не адпавядаюць рэчаіснасці, бо яны мелі месца да ейнага затрымання».
МГ belsat.eu