Лукашэнка даў інтэрв'ю BBC, у якім сказаў, што сілавікі «магчыма дапамагалі» мігрантам трапіць у Польшчу


У інтэрв’ю BBC Лукашэнка заявіў, што «абсалютна магчыма», што беларускія сілавікі дапамагалі мігрантам трапіць у Польшчу. Аднак адмаўляе тое, што мігрантаў запрашалі ў Беларусь.

Размова адбылася ў прэзідэнцкім палацы ў Менску.

Сустрэча Лукашэнкі з журналістам BBC у Менску 19 лістапада 2021 года.
Фота: bbc.com

«Я думаю, што гэта абсалютна магчыма. Мы славяне. У нас ёсць сэрца. Нашы войскі ведаюць, што мігранты едуць у Нямеччыну. Можа, ім нехта дапамог. Я нават не буду ў гэтым разбірацца», – заявіў у інтэрв’ю Лукашэнка.

Аднак Лукашэнка адмаўляе, што спецыяльна запрашаў тысячы мігрантаў, каб справакаваць памежны крызіс. Ён заявіў журналісту, што не збіраўся ўтрымліваць мігрантаў на мяжы і спыняць іх, бо «яны едуць не ў маю краіну, а ў вашу».

З траўня 2021 года на межах Беларусі з краінамі Еўразвязу трывае міграцыйны крызіс: людзі з Блізкага Усходу, Паўночнай і нават Заходняй Афрыкі спрабуюць незаконна трапіць у Еўразвяз.

Толькі паводле афіцыйных звестак беларускіх уладаў, у Беларусі цяпер каля 7000 мігрантаў з Блізкага Усходу і Паўночнай Афрыкі. Паводле замежных крыніцаў, іх можа быць 14-16 тысяч. Яшчэ каля 17 тысяч мігрантаў, якія ішлі праз Беларусь, былі затрыманыя ў Нямеччыне, Польшчы, Літве і Латвіі.

Чытайце таксама:

АД belsat.eu

Стужка навінаў