Спецслужбы ўзялі пад кантроль чат сваякоў асуджаных бабруйскай калоніі № 2


Месяц таму чат сваякоў асуджаных, якія адбываюць пакаранне ў бабруйскай папраўчай калоніі № 2, быў выдалены, а пазней сілавікі вырашылі ўзяць перапіску пад свой кантроль і стварылі новы чат, у які можна трапіць толькі па нумары тэлефону. Фактычна ствараецца база абанентаў тых, хто мае хоць нейкае сваяцтва з асуджанымі, піша тэлеграм-канал MAYDAY.TEAM.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Бабруйская ПК № 2.
Фота: komkur.info

Як пішуць праваабаронцы, у верасні чат у «Viber», у якім перапісваліся сваякі асуджаных, быў ліквідаваны без якіх-небудзь тлумачэнняў, а паўтысячы яго ўдзельнікаў – выдаленыя з яго.

Гэта было, як мяркуецца, рэакцыяй на выцек інфармацыі пра гібель зняволенага Дзмітрыя Арлова, які скінуўся з акна ў калоніі сёлета ў ліпені. Паведамляецца, што гэта вельмі здзівіла адміністрацыю ПК №2, бо ведаць такое маглі толькі ахоўнікі і асуджаныя, якія супрацоўнічалі з адміністрацыяй. Усё гэта прывяло да жорсткіх праверак у калоніі.

Зараз над перапіскай вырашылі ўзяць кантроль сілавікі: яны стварылі новы чат у «Viber» і далучаюць у яго абанентаў толькі пасля таго, як яны паведамяць свой нумар ананімнаму карыстальніку, знаёмаму з новым адміністаратарам чата, а таксама пройдуць паверку на прадмет сваяцтва з тым ці іншым вязнем бабруйскай ПК. Гэта дазваляе выключыць ананімны ўдзел у чаце.

Таксама стала вядома, што месэджар «Viber» перастаў выкрыстоўвацца для тэлефанаванняў у калоніі. Цяпер усе відэазванкі робяцца праз «Telegram» і толькі на беларускія нумары. Такім чынам, адзначаюць праваабаронцы, у калоніі створана база абанентаў усіх, хто мае хоць нейкае сваяцтва з асуджанымі.

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў