Палякі выбралі крутыя перамены

У Польшчы будзе новы ўрад, поўны перазапуск дзейнай палітычнай сістэмы і новая замежная палітыка.

Прэс-канферэнцыя Нацыянальнай выбарчай камісіі наконт вынікаў галасавання ўва ўсіх акругах. Варшава, Польшча. 17 кастрычніка 2023 года.
Фота: Piotr Molecki / East News

Канчатковыя вынікі выбараў паказваюць, што ў Польшчы партыя Ярослава Качыньскага «Закон і справядлівасць» (кіравала з 2015 года) не здолее самастойна сфармаваць урад. Партыя Качыньскага атрымала найбольшы адсотак падтрымання з боку выбарнікаў (35,38 % – гэта 194 месцы ў парламенце), але ў той жа час яна прайграла, бо не атрымала ні самастойнай большасці ў парламенце, ні магчымасці стварыць кіроўную кааліцыю.

Апазіцыйныя Грамадзянская кааліцыя (30,7 %), «Трэцяя дарога» (14,4 %) і «Новыя левыя» (8,61 %) разам маюць 248 месцаў у 460-асабовым парламенце. Каб стварыць урад партыі Качыньскага, не будзе дастаткова нават падтрымання нацыяналістычнай Канфедэрацыі (7,16 %), якая ўвядзе ў Сейм 18 дэпутатаў.

Калі будзе новы ўрад? Гэта залежыць ад прэзідэнта Анджэя Дуды. Дакладней ад таго, якую дарогу ён абярэ. Паводле Канстытуцыі, прэзідэнт на працягу 30 дзён пасля выбараў склікае паседжанне Сейму, а пасля гэтага паседжання цягам 14 дзён падтрымлівае кандыдатуру новага прэм’ера. Калі падтрымае кандыдатуру сваёй партыі, то «Закон і справядлівасць» атрымае час, каб спрабаваць перацягнуць на свой бок іншыя фракцыі ці асобных дэпутатаў. Аднак ніводная апазіцыйная партыя не разглядае такой магчымасці, а Дональд Туск ужо звярнуўся да прэзідэнта, каб перадаў магчымасць стварыць урад партыям, якія маюць парламенцкую большасць. Калі прэзідэнт пастановіць інакш, працэс перадачы ўлады расцягнецца на некалькі тыдняў. Але фундаментальна гэта нічога не змяніць. Бо калі першая спроба сфармаваць урад не ўдасца, польская Канстытуцыя прадугледжвае прызначэнне прэм’ер-міністра беспасярэдне парламенцкаю большасцю. Таму рашэнне прэзідэнта, якім бы яно ні было, не зменіць, а як максімум толькі зацягне працэс фармавання новага ўраду.

Разбор
На рэферэндуме ў Польшчы будзе пытанне пра мяжу з Беларуссю. За што яшчэ галасуюць палякі
2023.09.22 17:02

Вынік выбараў (тры апазіцыйныя партыі сабралі больш за 53 % галасоў) – перамога абʼяднанай апазіцыі ў 100-асабовым Сенаце (апазіцыя атрымала 66 месцаў) і самая вялікая яўка ў гісторыі Польшчы (74,3 %) з першых часткова свабодных выбараў у 1989 годзе (тады ў пераломны для гісторыі Польшчы момант прыйшлі 62 % выбарнікаў) сведчаць, што палякі хацелі пераменаў.

Пацвярджае гэта і поўны правал праведзенага кіроўнай партыяй рэферэндуму ў дзень выбараў. Яўка на яго склала ўсяго 40 % з патрэбных мінімум 50 % выбарнікаў. Гэта зусім не азначае, што большасць палякаў хоча адчыніць дзверы нерэгулярным імігрантам, павялічыць пенсійны век, разбурыць плот на мяжы з Беларуссю ці прадаць дзяржаўную маёмасць прыватным фірмам (такія былі пытанні падчас рэферэндуму). Гэта азначае, што пераважная большасць палякаў адмаўлялася ў ім браць удзел, выказваючы гэтак недавер уладам, якія яго ініцыявалі.

Чарга на галасаванне падчас парламенцкіх выбараў у Варшаве, Польшча. 15 кастрычніка 2023 года.
Фота: Filip Naumienko / Reporter / East News

Выглядае, што большасць палякаў насцярожыла перспектыва трэцяй кадэнцыі «Закону і справядлівасці», пагроза абвастрэння стасункаў з Еўразвязам, працяг бетанавання палітычнай сцэны пад адным гульцом, а таксама вельмі жорсткая, правая рыторыка «Закону і справядлівасці» ў пытанні забароны абортаў.

Цяпер кіраваць будуць тры партыі, вяртаецца бурлівае палітычнае жыццё. Абяцаюць поўны перазапуск і расквітацца з папярэднікамі. Але лёгка новаму ўраду не будзе.

Ёсць праграмныя абяцанні, якія асабліва не выклікаюць спрэчак. Напрыклад, партыя Туска абяцала 1500 злотых на месяц кожнай маці, якая наважыцца вярнуцца на працу пасля нараджэння дзіцяці (выплочваць будуць да 3-гадовага ўзросту). «Трэцяя дарога» абяцала не падвышаць падаткаў на працягу ўсёй кадэнцыі і фінансаваць прыватных дактароў тым грамадзянам, якія не здолеюць патрапіць да лекара ў дзяржаўных (паводле працоўнага страхавання) установаў на працягу 60 дзён. Але вось з некаторымі абяцаннямі «Новых левых» пагаджаюцца не ўсе кааліцыянты: тыя выказваюцца за легалізацыяй абортаў да 12 тыдня цяжарнасці і ўвядзенне законаў аб аднаполых шлюбах. Вось тут у польскім Сейме і пачнуцца гучныя баталіі.

Замежную палітыку таксама перагледзяць. Шмат што будзе залежаць ад складу новага Міністэрства замежных справаў. Адназначна можна спадзявацца на змяншэнне напружання ў стасунках з кіраўніцтвам Еўразвязу, але на «ўсходнім фронце» пераменаў спадзявацца не варта. Не варта чакаць ацяплення стасункаў Варшавы з рэжымам Лукашэнкі ці змены стаўлення да пуцінскай Расеі. У сваю чаргу стасункі з Украінай асабліва таксама не зменяцца. Польшча будзе падтрымліваць Кіеў, але малаверагодна, што дапусціць на свой рынак украінскае збожжа. Бо на гэта не пагодзяцца аграрыі з «Трэцяя дарогі» – асноўнага кааліцыянта партыі Туска.

Радыкальных пераменаў у дачыненнях Варшавы з дэмакратычным рухам Беларусі таксама спадзявацца не варта, але трэба памятаць, што ўсе папярэднія дамоўленасці заканчваюцца тады, калі прыходзіць новы ўрад. У кожнай з трох партыяў, якія будуць яго ствараць, ёсць сябры свабоднай Беларусі. З імі давядзецца пазнаёміцца шмат якім беларускім дэмакратычным палітыкам: размаўляць, пераконваць і знаходзіць супольную мову.

Агляд
15 кастрычніка ў Польшчы адбудуцца парламенцкія выбары. Што трэба ведаць пра іх замежнікам?
2023.09.15 15:31

belsat.eu

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў