У Беларусі хочуць вырабляць вакцыну супраць каронавіруса ў выглядзе таблетак


У Беларусі працуюць над таблеткавай формай вакцыны супраць каронавіруса, а першая распрацаваная вакцына, у традыцыйнай ін’екцыйнай форме, ужо праходзіць клінічнае выпрабаванне. Пра гэта ў эфіры тэлеканалу «Беларусь 1» распавёў старшыня прэзідыуму Акадэміі навук Уладзімір Гусакоў.

Уладзімір Гусакоў. Скрыншот з відэа: АТН: новости Беларуси и мира/Youtube

Уладзімір Гусакоў назваў беларускую вакцыну супраць каронавіруса ў таблетках «сенсацыйнай распрацоўкай».

«Мы паказалі, што мы здольныя стварыць вакцыну нараўне з расейскімі, кітайскімі распрацоўкамі. Паказалі, што ў нас ёсць патэнцыял, вучоныя, ёсць веды, ёсць навыкі, напрацоўкі, мы здольныя. Таму мы з арганізацыяй Міністэрства аховы здароўя распрацавалі прататып такой вакцыны. Сёлета яна праходзіць і ўжо прайшла клінічныя выпрабаванні і паказала сваю высокую каштоўнасць і значнасць не горш за замежныя ўзоры», – заявіў Гусакоў.

Таксама ён спадзяецца, што ў 2023 годзе вакцына ўжо выйдзе на вытворчасць. Для гэтага рыхтуецца спецыяльная вытворчасць «Белветуніфарму» ў Віцебскай вобласці, дзе будзе вырабляцца вакцына.

«Адначасова ідзе распрацоўка яшчэ адной вакцыны. Гэта будзе таблетачная форма. Таксама мяркуем, што да канца года мы яе завершым», – распавёў Гусакоў.

З ягоных словаў, у наступным годзе ў Акадэміі навук плануюць заняцца распрацоўкай вакцыны супраць грыпу.

Аб’ектыў
Калі чакаць беларускіх лекаў ад каронавіруса?
2022.10.17 22:42

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў