«А чаму не беларускія?.. Не хочаце? Ну і не трэба!» Ці з'явіліся ў Беларусі імпартныя эндапратэзы


Даступныя імпартныя эндапратэзы ў Беларусі зніклі ўвесну 2021 года і дасюль не зʼявіліся. Пра абяцаныя «Белмедтэхнікаю» танныя індыйскія пратэзы ніхто пакуль не чуў. Калі падыходзіць чарга, прапануюць беларускія або швейцарскія за Br 8000. Эндапратэзы вытворчасці ЗША можна было раней паставіць у «славутай» клініцы «Мерсі», але Міністэрства аховы здароўя з 26 верасня «часова прыпыніла» дзейнасць медычнага цэнтру…

Клініка «Мерсі». Менск, Беларусь.
Фота: Клиника «Мерси» / Facebook

Мінус «Мерсі»

«Так, дзейнасць пакуль прыпыненая, не працуем. Ці можа быць такое, каб не ўзнавілі працу? Не, такога быць не можа. Усё будзе добра. Гэта пытанне часу. Можа, тыдзень, два – і мы адкрыемся», – паведамілі нам у кол-цэнтры клінікі «Мерсі».

Пастанову прыпыніць дзейнасць клінікі «Мерсі» Міністэрства аховы здароўя матывавала шматлікімі «грубымі парушэннямі ліцэнзійных патрабаванняў»: адсутнасцю медычнай дакументацыі, парушэннямі ў правядзенні медычных аглядаў і экспертызы часовай непрацаздольнасці, парушэннямі ў сферы абароту лекавых сродкаў ды інш.

Якія сапраўдныя прычыны «часовага закрыцця» клінікі, якая, паводле Беларускага расследавальнага цэнтру, належыць Людміле Няронскай, сяброўцы Віктара Лукашэнкі, сказаць цяжка. Але да апошняга часу гэта была ці не адзіная клініка ў Беларусі, дзе (пасля хапуна дактароў у «справе артапедаў») можна было паставіць якасны імпартны эндапратэз. Што праўда, за касмічныя кошты.

Паводле работніцы «Мерсі», да прыпынення працы ў клініцы ставілі эндапратэзы швейцарскай («Medacta») і амерыканскай вытворчасці («DePuy»). Пра цану пратэзавання нічога не сказала, але, згодна з афіцыйным цэннікам на сайце клінікі, татальнае эндапратэзаванне тазасцегнавога сустава каштуе ад Br 17 500 да Br 21 400, каленнага сустава – Br 17 500.

«Medacta» – за Br 8000

Мы спраўджвалі магчымасць эндапратэзавання ў «Мерсі», бо ў дзяржаўных клініках, падобна, пакуль што зусім без прасвету. У якасці патэнцыйных пацыентаў пазванілі ў Рэспубліканскі навукова-практычны цэнтр (РНПЦ) траўматалогіі і артапедыі ў Менску.

«Імпартных пратэзаў пакуль не ставім. А чаму імпартныя? Чаму не беларускія? Не хочаце?.. Ну, не хочаце – і не трэба», – кідаюць слухаўку ў аддзяленні платных паслуг.

Пры гэтым на афіцыйным сайце РНПЦ траўматалогіі і артапедыі паведамляюць пра магчымасць усталяваць эндапратэзы бесцэментавай і цэментавай фіксацыі аж пяці замежных вытворцаў: «Waldemar Link», «DePuy», «Smith & Nephew», «Medacta», «Altimed». Паводле спісу чакання, у кастрычніку 2022 года выклікаюцца пацыенты, якія запісаліся ў красавіку 2021-га (тазасцегнавы сустаў) ці ў снежні 2019 года (каленны сустаў).

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Аперацыя эндапратэзавання.
Фота: Yegor Aleyev / TASS / Forum

Тэлефануем у менскі гарадскі клінічны шпіталь № 6.

«Толькі швейцарскія ў нас. На платнай аснове – толькі Швейцарыя. Іншых не маем. Прыблізна будзе каштаваць 8000 рублёў. Так, гэта «Medacta». Пра індыйскія нічога не ведаю. Нам такой інфармацыі не даюць. Можа, іх на бясплатнай аснове ставяць, невядома», – патлумачылі нам у шпіталі.

Пытанне да Мінздароўя

У ліпені 2022 года намеснік гендырэктара прадпрыемства «Белмедтэхніка» абяцаў, што праз тры месяцы ў Беларусі зʼявяцца таннейшыя эндапратэзы «Medacta» (на цэментавай і бесцэментавай аснове) – ад Br 4000, а таксама яшчэ больш танныя эндапратэзы з Індыі. На жаль, сітуацыя з таго часу не палепшала, а пратэзы не патаннелі.

Да кіраўніцтва «Белмедтэхнікі» гэтым разам не дазваніліся. Але, паводле апублікаванай на афіцыйным сайце прадпрыемства інфармацыі, у складзе ёсць толькі прадукцыя швейцарскай фірмы «Medacta», і тое рэшткі (каля 50 адзінак).

Паспрабавалі даведацца, якая сітуацыя з імпартнымі эндапратэзамі ў абласных шпіталях, але ў Гомлі на гэтую тэму з намі размаўляць адмовіліся. У аддзяленні траўматалогіі Віцебскага абласнога клінічнага шпіталю адказалі, што «імпартныя пратэзы не ставяцца»:

«Можа, скажаце, калі ўсё-такі яны зʼявяцца ў шпіталі?» – «Нічога не скажу. Гэта пытанне да міністэрства здароўя. Гэта яны забаранілі».

«Забаранілі» самыя эндапратэзы ці толькі гаварыць пра іх, нам ужо не патлумачылі.

На жаль, на гарачую лінію Міністэрства аховы здароўя Беларусі (+375 17 222 70 80) дазваніцца нам не ўдалося: увесь час занята.

Што ў гэтай сітуацыі рабіць беларусам?

Дасведчаны беларускі хірург-артапед, які працуе за межамі краіны, казаў раней у размове з «Белсатам», што ў цяперашняй сітуацыі ў людзей застаецца невялікі выбар: або ставіць дарагі швейцарскі эндапратэз, або беларускі (казаў яшчэ пра варыянт «Мерсі», але яго пакуль адкідваем).

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Аперацыя эндапратэзавання.
Фота: Yegor Aleyev / TASS / Forum

Эксперт зазначаў, што беларускія эндапратэзы былі калісьці сапраўды добрай альтэрнатывай, але было гэта дзясяткі гадоў таму. Цягам дзесяцігоддзяў у гэты праект ніхто не ўкладаў грошай, і айчынныя пратэзы проста састарэлі.

«Гэта як сёння хваліць расейскі аўтамабіль «Lada Granta»: маўляў, класная машына. Яна была класная тысячу гадоў таму! Як і нашыя беларускія пратэзы. Гэта як параўноўваць мінулае і гэтае стагоддзі», – казаў доктар.

Пры гэтым хірург-артапед адзначаў, што для пэўнай катэгорыі грамадзянаў беларускія пратэзы – някепскі выхад: «Магчыма, 70-гадовая жанчына, якой паставяць беларускі эндапратэз, паходзіць з ім пару гадоў, а калі пашанцуе – пяць, а вельмі пашанцуе – дык і дзесяць». Але адмысловец прызнаваўся, што бачыў айчынныя пратэзы, якія трэба было мяняць ужо праз год.

«Белсат» працягвае сачыць за сітуацыяй з эндапратэзаваннем у Беларусі. Калі вам удалося замяніць сустаў у Беларусі (ці, можа, у Расеі), падзяліцеся сваёй гісторыяй з намі.

Аналітыка
Ні лекараў, ні эндапратэзаў. Беларусь закупляе індыйскія, а беларусы едуць мяняць суставы ў Расею
2022.07.21 13:35

Зміцер Міраш belsat.eu

Стужка навінаў