Абяцанне Лукашэнкі «разабрацца з каронавірусам» вылілася ў адмену ўсіх антыковідных абмежаванняў


У сувязі з рэзкім ростам колькасці інфікаваных каронавірусам і цяжарам на медыцыну ўлады пайшлі на крокі, якія б дазволілі зменшыць колькасць хворых і смяротнасць. Але Лукашэнка раскрытыкаваў гэтыя захады і заявіў, што міліцыянты, якія кантралююць масачны рэжым у краіне, «мацаюць усюды, нават жанчын не шкадуючы».

Нарада аб эпідэмічнай сітуацыі.
Фота: president.gov.by

Падчас нарады аб эпідэмічнай сітуацыі Лукашэнка востра раскрытыкаваў міністра аховы здароўя Дзмітрыя Піневіча за тое, што ведамства занялося супрацьдзеяннем распаўсюду каронавіруса. Адным з патрабаванняў Лукашэнкі стала вяртанне планавай медычнай дапамогі. На думку Лукашэнкі, міністр, а таксама лекары і чыноўнікі ад аховы здароўя павінныя пайсці ў «паліклінікі і прымаць людзей. Весці дыспансерызацыю».

Адмянялі планавую медычную дапамогу і падчас першай хвалі каронавіруса. Абумоўлена гэта тым, што медыкі мусяць мабілізаваць свае сілы на лячэнне хворых. Цяпер у Беларусі Мінздароўя вылучыла 30 тысячаў ложкаў для інфікаваных. Медыкі працуюць на мяжы сваіх сілаў. Часовая адмова ад планавай меддапамогі дазваляе сканцэнтраваць сілы лекараў на выратаванне чалавечых жыццяў. Але Лукашэнка мяркуе інакш і не лічыць гэтыя захады неабходнымі цяпер, калі колькасцю інфікаваных і смяротнымі выпадкамі чацвёртая хваля каронавіруса значна перавышае першую.

Інтэрв’ю
«Медыкі кінутыя на амбразуру». Інтэрв’ю з «Белымі халатамі» пра самыя вострыя праблемы ў беларускай медыцыне
2021.10.17 19:28

Абурыў Лукашэнку і масачны рэжым. Чамусьці ён сказаў, што міліцыянты напружваюць моцна людзей і «мацаюць усюды, нават жанчын не шкадуючы». Не зусім зразумела, што меў на ўвазе Лукашэнка і чаму ён лічыць, што падчас кантролю масачнага рэжыму міліцыянты мацаюць людзей. Але за гэта ён раскрытыкаваў міністра ўнутраных справаў Івана Кубракова.

Вядома, што нашэнне масак значна змяншае рызыку інфікавання і распаўсюду інфекцыі. Большасць краінаў свету ўвялі абавязковы масачны рэжым, калі пандэмія толькі набірала абароты. Тое ж датычыць і сацыяльнага дыстанцыявання. Вакцынацыя для некаторых групаў насельніцтва ў многіх краінах свету таксама стала абавязковай. Урады краінаў імкнуцца, каб у наяўнасці была надзейная вакцына супраць інфекцыі, прышчэпка якой робіцца бясплатна. У Беларусі сітуацыя з вакцынацыяй выглядае зусім не аптымістычна. Урад рапартуе, што беларусы могуць выбраць сабе вакцыну. Але насамрэч у пунктах вакцынацыі ў наяўнасці толькі расейскія прэпараты. Але грамадзяне нашай краіны не давяраюць гэтай вакцыне, чэргі збіраюцца толькі на вакцынацыю кітайскай прышчэпкай, якая ёсць не заўсёды.

Hавiны
«У шпіталях ужо як на вайне» – тэрапеўт пра тое, што нас чакае, калі ковіднікам не будзе ставаць кіслароду
2021.10.19 08:01

Лукашэнка таксама заявіў, што агулам у Беларусі спраўляюцца з пандэміяй. На яго думку, гэта атрымалася дзякуючы таму, што ў час першай хвалі ў краіне не сталі спыняць вытворчасці. Якім чынам вытворчасць і барацьба з пандэміяй узаемазвязаныя, застаецца толькі здагадвацца.

Лукашэнка, выглядае, так і не зразумеў, што праз каронавірус страціў давер беларусаў. Цяпер, калі ў шпіталях няма месцаў, а лекарам даводзіцца выбіраць, каму даць кісларод, ён працягвае сваю палітыку.

Hавiны
Лукашэнка загадаў кінуць лавіць людзей без масак і шукаць тых, хто рэжа кароў
2021.10.19 13:15

СК belsat.eu

Стужка навінаў