У Варшаве пасля прыёму ў стаматолага памёр 32-гадовы беларус


У сталіцы Польшчы пасля прыёму ў стаматолага памёр беларус. 13 верасня 32-гадовы Дзяніс быў на планавым прыёме ў стаматолага. Там пасля абязбольвальнага ён страціў прытомнасць, а праз два дні памёр у шпіталі. У беларуса ў Польшчы засталіся жонка і двое дзяцей.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Стаматалогія. Крыніца: levertova.com

Дзяніс быў родам з Пінску. У Польшчы ён працаваў кіроўцам-дастаўцам, займаўся спортам і на здароўе не скардзіўся. Мужчына лячыў зубы ў адной з вядомых клінік Польшчы (пакуль ідзе праверка, яе назва не выдаецца). У гэтай клініцы ён абслугоўваўся і раней, прычым без праблемаў. 13 верасня Дзяніс прыйшоў на планавы прыём да дантыста, пасля якога ён памёр. Цела мужчыны блізкім пакуль не аддалі, пракуратура праводзіць праверку. Гісторыю трагедыі выданню «MOST» распавёў брат Дзяніса Аляксей.

Пасля прыёму ў стаматолага Дзяніс перастаў адказваць на тэлефанаванні і знік. Праз некалькі гадзінаў слухаўку падняла адказная за рэчы ў шпіталі і расказала, што мужчына ў рэанімацыйным аддзяленні.

Пазней у шпіталі Аляксею патлумачылі, што ягонага брата даставілі са стаматалогіі. У яго было спыненне сэрца, і яго паспелі некалькі разоў рэанімаваць.

«Лекар мне сказаў, што яго ў стаматалогіі не было і, што адбывалася там, ён не ведае. У медыкаў быў выклік – і хуткая прыехала аказваць дапамогу. Там Дзяніса адкачвалі і пасля даставілі ў лякарню, дзе падключылі да апаратаў. Ужо пасля высветлілася, што ў брата, магчыма, здарыўся анафілактычны шок – раздзьмула горла, паветра перастала паступаць у лёгкія, а адтуль у мозг. У лякарні яму зрабілі тамаграфію галавы і зразумелі, што ўсё вельмі дрэнна – вялікае пашкоджанне мозгу. Стан цяжкі, і калі выжыве, то застанецца «гароднінай». Канешне, мы былі ў шоку і сталі чакаць», – распавядае Аляксей.

На наступны дзень стан Дзяніса не змяніўся. Яму дадаткова зрабілі тамаграфію мозгу, якая пацвердзіла сур’ёзныя пашкоджанні. Лекар даваў вельмі маленькія шанцы на выжыванне.

У гэты ж дзень Аляксей пайшоў у паліцыю, каб падаць заяву аб правядзенні праверкі. Там яму сталі тлумачыць, што анафілактычны шок можа здарыцца з кожным, што гэта нармальна і нічога не зробіш. Паліцыянт не хацеў прымаць заяву, пакуль Аляксей не пачаў пагражаць, што пойдзе ў пракуратуру, бо яму было важна даведацца, што адбылося з братам. У выніку заяву прынялі.

«Мне важна даведацца, ці была праведзена своечасовая і поўная дапамога чалавеку пры анафілактычным шоку. У маім разуменні, калі медыкі робяць такія ўколы, то ў іх як мінімум павінен быць антыдот нейкі. Магчыма, Дзянісу нясвоечасова аказалі дапамогу. Гэта толькі мае падазрэнні, я не магу сцвярджаць, бо мяне там не было», – расказвае брат памерлага беларуса.

15 верасня Аляксею патэлефанавалі са шпіталя і паведамілі, што мозг ягонага брата, хутчэй за ўсё, памёр. І неўзабаве ў яго могуць забраць органы паводле польскіх законаў. Праз гэта Аляксей зноў звярнуўся ў паліцыю, але там параілі патэлефанаваць у панядзелак.

«Я ім патлумачыў, што цягам некалькіх гадзінаў з майго брата ўжо будуць выразаць органы, у якіх, магчыма, ёсць сляды злачынства. Я сказаў, што проста так не пайду і патрабаваў сустрэчы з пракурорам», – кажа брат Дзяніса. Пасля гэтага ў шпіталь даслалі факс з пракуратуры і працэс па адабранні органаў не праводзілі.

Праз нейкі час Аляксею патэлефанавалі са шпіталя і сказалі, што ўжо афіцыйна канстатавалі смерць Дзяніса і адключаюць усе апараты.

Цяпер родныя загінулага беларуса будуць кансультавацца з юрыстамі па далейшых дзеяннях і чакаюць цела Дзяніса, каб яго крэміраваць.

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў