Рыгор Ніжнікаў: Без згоды Масквы Баку не пачаў бы канфлікт у Карабаху


Пра акно магчымасцяў, якое адкрылася для Азербайджана, падтрымку канфлікту Масквой і магчымасць адхілення Пашыньяна ад улады ў Арменіі «Белсат» паразмаўляў з экспертам Фінскага інстытуту міжнародных адносін Рыгорам Ніжнікавым.

Горад Сцепанакерт у Нагорным Карабаху, дзе 19 верасня 2023 года пачаўся канфлікт паміж Арменіяй і Азербайджанам.
Фота: Re:public of Artsakh / Telegram

Акно магчымасцяў для Азербайджана

На думку Рыгора Ніжнікава, эскалацыя гэтага канфлікту, якая 19 верасня пачалася ў Нагорным Карабаху, – гэта вельмі прадказальны крок для Азербайджана.

«Яны [азербайджанцы] карыстаюцца момантам, моц на іхным баку, у іх ёсць магчымасць даціскаць Ерэван, і яны проста будуць глядзець за тым, як міжнародная супольнасць будзе рэагаваць, у тым ліку Масква, і наколькі ім дазволяць праціснуцца, каб выйсці на тыя межы, якія яны лічаць сваёй тэрыторыяй… Я думаю, Аліеў будзе карыстацца акном магчымасцяў, якое існуе зараз», – адзначыў эксперт.

Рыгор Ніжнікаў лічыць, што без дазволу Масквы Баку не пачаў бы такіх дзеянняў – «ні зараз, ні ў пачатку гэтай вайны». Вядома, што Масква – ключавы гулец, які мае асобныя стасункі і з Баку, і з Ерэванам, і з Анкарой. Эксперт адзначыў, што нельга выключаць таго, што Баку карыстаецца сітуацыяй, што Масква раззлаваная на Ерэван за дзеянні Пашыньяна.

У той жа час наш суразмоўца падкрэсліў, што для Масквы жаданне Ерэвана прыняць Рымскі статут выглядае не вельмі прыемна, але яна разумее, што ў Арменіі зараз няма ніякіх шанцаў сысці ад маскоўскага ўплыву. Адзіны варыянт – гэта падпісаць дамову з Баку, спыніць вайну і адкрыць сабе магчымасці размарозкі адносінаў з краінамі навокал.

Абноўлена
Абвастрэнне ў Нагорным Карабаху. Азербайджан пачаў «антытэрарыстычныя мерапрыемствы»
2023.09.19 14:08

Маскве не трэба вырашэнне канфлікту

Кажучы пра расейскіх міратворцаў, якія знаходзяцца на тэрыторыі Нагорнага Карабаху і ніяк не бяруць удзелу ў вырашэнні гэтага канфлікту, Рыгор Ніжнікаў падкрэсліў, што сапраўды яны не былі істотна задзейнічаны з самага пачатку. Менавіта таму Ерэван запрасіў еўрапейскіх медыятараў (місію Еўразвязу), бо Расея заняла даволі пасіўную пазіцыю. На думку эксперта, гэта адбываецца не таму, што ўсе рэсурсы Масквы ідуць на вайну з Украінай, а таму, што Масква проста такім чынам карае Пашыньяна.

На думку эксперта, Расея ў прынцыпе не зацікаўленая ў вырашэнні пытання Нагорнага Карабаху. Бо ўплыў Масквы падсілкоўваецца менавіта з такіх нявырашаных канфліктаў. І ў гэтай сітуацыі нават Рада бяспекі ААН нічога не зможа зрабіць, таму што Расея накладзе вета на яе рашэнне.

«Таму Масква не выйдзе [з тэрыторыі Карабаху], для яе галоўнае – гэта прысутнасць, каб мець яшчэ адзін істотны рычаг уплыву на гэтую краіну», – адзначыў Рыгор Ніжнікаў.

Hавiны
У Ерэване – пратэсты супраць Пашыньяна, Азербайджан кажа пра дасягненне мэтаў спецаперацыі
2023.09.19 18:48

Лёс Пашыньяна

На пытанне аб тым, як складзецца лёс Нікола Пашыньяна, супраць якога зараз у Ерэване пачынаюцца масавыя пратэсты, эксперт адказаў, што гэта залежыць ад таго, як армянская супольнасць эвалюцыянуе ў пытанні Нагорнага Карабаху. Бо, на ягоную думку, зараз яшчэ шмат тых, хто прайшоў першую карабахскую вайну 1990-х гадоў, хто перамог у ёй і хто кіраваў Арменіяй увесь час пасля гэтай перамогі.

«Уся гэтая эліта і шмат хто з грамадства дагэтуль не гатовыя пакідаць Карабах, таму я кажу, што зараз мець палітычную дамову паміж Баку і Ерэванам з-за гэтага амаль што немагчыма», – лічыць эксперт.

Калі Арменія знойдзе кансэнсус наконт таго, што ёй трэба клапаціцца пра сваю будучыню ў існуючых на сёння межах, то ў Пашыньяна будзе шанец. Але, калі Масква зараз скарыстаецца момантам і ёй удасца правесці нейкія датэрміновыя выбары або пераварот у Арменіі, то ў Пашыньяна не будзе ніякай будучыні. І гэта тое, на што разлічвае Масква, бо яна, на думку Рыгора Ніжнікава, раздражнёная дзеяннямі Пашыньяна, лічыць усе ягоныя апошнія заявы здрадай.

«Ці атрымаецца ў Масквы скінуць Пашыньяна – вялікае пытанне, і за гэтым бы я вельмі пільна сачыў», – адзначыў эксперт.

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў