На Генеральную Асамблею ААН ад Беларусі накіраваліся Ціханоўская і Макей


Адразу дзве дэлегацыі будуць рэпрэзентаваць Беларусь на чарговай сесіі Генеральнай Асамблеі ААН, што пачынае сваю працу ў Нью-Ёрку. Адну ўзначаліла Святлана Ціханоўская, другую – Уладзімір Макей.

Святлана Ціханоўская ў Нью-Ёрку, 19 верасня 2022 года. Здымак экрана з тэлеграм-каналу. Крыніца: tsikhanouskaya / Telegram

Пра намер наведаць з 18 да 22 верасня Нью-Ёрк з нагоды 77-й сесіі Генеральнай Асамблеі ААН Святлана Ціханоўскага паведаміла на мінулым тыдні. У яе запланаваныя шмат сустрэчаў, самыя важныя з якіх – з прэзідэнткай Еўракамісіі Урзуляю фон дэр Ляен і генеральнаю сакратаркаю Рады Еўропы Марыяй Пэйчынавіч-Бурыч. Таксама лідарка дэмакратычных сілаў возьме ўдзел у трох дыскусіях, падчас іх плануе казаць аб пагрозах суверэнітэту і пра важнасць гарантыяў бяспекі Беларусі, узняць пытанні адукацыі, правоў дзіцяці, дыскрымінацыі, непаўналетніх палітвязняў і пра палітзняволеных, падтрыманне незалежных медыяў, прыцягненне да адказнасці вінаватых у злачынствах. Святлана Ціханоўская ўжо ў Нью-Ёрку і падкрэсліла, што яна там дзеля таго, каб пра Беларусь памяталі і беларуская тэма не сыходзіла з парадку дня.

«Я буду гаварыць ад імя беларусаў: і тых, хто на свабодзе, але ў першую чаргу тых, хто ў турмах. Нельга дапусціць, каб у ААН чулі толькі голас рэжыму. Мне нічога невядома пра ўдзел прадстаўнікоў рэжыму. Але дапускаю, што яны паспрабуюць ізноў гандляваць палітвязнямі і расказваць пра тое, што сітуацыя нібыта нармалізуецца. Менавіта гэта і ёсць адна з маіх мэтаў – паказваць рэальны стан. У Беларусі – палітычны, гуманітарны і эканамічны крызіс. І не дазволіць рэжыму займацца імітацыяй», – заявіла лідарка дэмакратычных сілаў напярэдадні візіту.

Другая беларуская дэлегацыя на чале з міністрам замежных справаў РБ Уладзімірам Макеем, як паведамляе прэс-служба МЗС Беларусі, наведае Нью-Ёрк 21–26 верасня. Макей збіраецца выступіць падчас агульнапалітычнай дыскусіі 77-й сесіі Генеральнай Асамблеі ААН, возьме ўдзел у сустрэчах міністраў замежных справаў дзяржаваў – чальцоў АДКБ і дзяржаваў Руху недалучэння. Запланаваная міністэрская сустрэча Групы сяброў дзеля абароны Статуту ААН, міністэрская сустрэча Групы аднадумцаў на падтрыманне краінаў з сярэднім узроўнем даходу. Уладзімір Макей плануе падпісаць Канвенцыю аб спрашчэнні ўмоваў мінання межаў для міжнародных чыгуначных перавозаў пасажыраў, багажу і грузабагажу. Запланаваны шэраг двухбаковых сустрэчаў кіраўніка МЗС з калегамі з Еўропы, Лацінскай Амерыкі, Паўднёва-Усходняй Азіі, кіраўніцтвам ААН.

Мабыць, дзеля павышэння актыўнасці падпісчыкаў сацыяльных сетак прэс-служба МЗС прапанавала задаць Макею пытанне пра дзейнасць Беларусі ў ААН і атрымаць адказ проста з Нью-Ёрку. Даслаць пытанне прапануюць 20 верасня асабістым паведамленнем у акаўнты МЗС у Facebook, «УКантакце» і TikTok. Пры гэтым пытанне для адказу абяруць выпадковым чынам.

Hавiны
«Сітуацыя ў рэгіёне можа хутка мяняцца». Ціханоўская распавяла, якія тэмы ўздыме на Генасамблеі ААН
2022.09.17 15:10

Антон Тачняк belsat.eu

Стужка навінаў