Прэзідэнт Афганістану, які пакінуў краіну перад захопам сталіцы талібамі, папрасіў не лічыць яго здраднікам


Уцеклы з Афганістану прэзідэнт Ашраф Гані ўпершыню звярнуўся да жыхароў рэспублікі. 18 жніўня ён выступіў з тэлезваротам, у якім паабяцаў вярнуцца ў сваю краіну.

Гані заявіў, што ў гэты момант застаецца ў Аб’яднаных Арабскіх Эміратах.

Прэзідэнт Афганістану Ашраф Гані звяртаецца да апошніх падзеяў у краіне пасля ўцёкаў. 18 жніўня 2021 года. Скрыншот з відэа: Ashraf Ghani / Facebook

Свой уцёк з Афганістану Ашраф Гані патлумачыў жаданнем пазбегнуць кровапраліцця, бо ў адваротным выпадку баевікі напалі б на Кабул. Ён адзначыў, што на ад’ездзе настаяла ягоная ахова.

Гані паабяцаў вярнуцца ў Афганістан і зняпраўдзіў паведамленні пра тое, што ўцякаў з буйною сумаю наяўных. Раней у амбасадзе Расеі ў рэспубліцы паведамілі, што верталёт прэзідэнта быў набіты грашыма.

«Гэта ўсё хлусня, я з’ехаў з краіны ў адной кашулі, турбане і туфлях ды здолеў узяць толькі некалькі кніг у адной торбе», – заявіў Гані.

Ён дадаў, што з’ехаў з Афганістану, пакінуўшы вялікую частку сваёй маёмасці, у прыватнасці каштоўныя кнігі і «канфідэнцыйныя дакументы».

Акрамя гэтага, Гані паабяцаў вярнуцца ў сваю краіну. Ён дадаў, што да вяртання на радзіму «вядзе кансультацыі з іншымі», не ўдакладніўшы, каго мае на ўвазе. Аднак Вашынгтон больш не лічыць Ашрафа Гані значным палітычным гульцом у Афганістане, заявіла прадстаўніца Дзяржаўнага дэпартаменту.

Hавiны
Віцэ-прэзідэнт Афганістану Амрула Салех абвесціў сябе кіраўніком краіны і заклікаў змагацца з талібамі
2021.08.17 20:56

Гані ўцёк з Афганістану 15 жніўня, калі прадстаўнікі тэрарыстычнага руху «Талібан» абвясцілі поўны захоп рэспублікі і падышлі да сталіцы – Кабулу.

Дзе прэзідэнт, некалькі дзён было невядома. 18 жніўня Міністэрства замежных справаў ААЭ паведаміла, што Гані з сям’ёй прыбыў у Абʼяднаныя Арабскія Эміраты. Паводле некаторых крыніцаў, прэзідэнта шпіталізавалі.

Hавiны
«Талібан» перамог: баевікі атачылі Кабул, урад Афганістана рыхтуецца да перадачы ўлады
2021.08.15 16:41

АД, belsat.eu

Стужка навінаў