Беларускі комік адсядзеў 10 дзён у Расеі за жарт пра расейцаў

Стэндап-комік Ідрак Мірзалізадэ 19 жніўня выйшаў на волю пасля 10 дзён арышту за «распальванне міжнацыянальнай варожасці». Яго зняволенне выклікала хвалю абурэння сярод расейскіх комікаў.

 

View this post on Instagram

 

A post shared by Идрак (@idrak.m)

Грамадзянін Беларусі Ідрак Мірзалізадэ нарадзіўся ў Азербайджане ў сям’і з народу талышаў, але калі яму было два гады, сям’я перабралася ў Менск. Пасля ўдзелу ў «Клубе вясёлых і знаходлівых» стаў выступаць на расейскай тэлевізіі, потым далучыўся да групы расейскіх комікаў.

У сакавіку 2021 года ў гумарыстычнай перадачы «Разгоны» ён пажартаваў пра расейцаў: расказваў, як цяжка «нярускаму» знайсці кватэру ў Маскве, між тым згадаў гідкую неахайнасць расейцаў, якія здымалі кватэру да яго.

На жарт звярнулі ўвагу расейскі ўльтраправы тэлеканал «Царьград» і тэлепрапагандыст Уладзімір Салаўёў. Пасля гэтага на Мірзалізадэ на вуліцы напалі невядомыя. Комік казаў, што за жарт, вырваны з кантэксту, яму сталі пагражаць радыкальныя супольнасці.

9 жніўня Мірзалізадэ арыштавалі на 10 дзён за «распальванне міжнацыянальнай варожасці» – за той самы жарт, за які яго ўжо пабілі. Комік не прызнаў сваёй віны і казаў, што выступ быў якраз супраць ксенафобіі.

Расейскія і беларускія комікі выказаліся супраць такога пакарання, якое назвалі страшным прэцэдэнтам. Яны заявілі, што за жарт нельга пазбаўляць волі.

Ці шукае паліцыя тых, хто напаў на коміка, невядома.

АА belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны