Кіраўнік Чачэнскай рэспублікі Расеі Рамзан Кадыраў запісаў відэазварот, у якім раскрытыкаваў краіны АДКБ за адсутнасць публічнага падтрымання расейскага ўварвання ва Украіну, заявіўшы, што «для Расеі ад гэтай арганізацыі карысці няма».
«АДКБшнікі, вы чаму маўчыце? Чаму не кажаце пра сваіх суседзяў? (…) Чаму ў вас няма пазіцыі супраць бандэраўцаў, нацыкаў і фашыстаў, якія забівалі нашых продкаў? Мы ж разам ваявалі супраць Бандэры. А зараз, як ні ў чым не бывала, баючыся санкцыяў Амерыкі і Еўропы, усе маўчыце», – абурыўся Кадыраў.
Паводле яго, Расея выратавала рэжымы ў Беларусі і Казахстане, а тыя не ідуць на дапамогу, «калі Расеі патрэбна».
У склад АДКБ, апроч Расеі, уваходзяць таксама Арменія, Беларусь, Казахстан, Кыргызстан і Таджыкістан.
Яшчэ перад пачаткам поўнамаштабнай вайны міністр замежных спраў Казахстану Мухтар Тлеубердзі заявіў, што пытанне аб увядзенні войскаў ва Украіну ў рамках АДКБ не разглядаецца.
«АДКБ строга абмяжоўвае ўжыванне вайсковых ці міратворчых сілаў. Яны могуць ужывацца толькі на прасторы АДКБ», – адзначыў кіраўнік МЗС Казахстану.
Паводле яго, дамова пра вайсковую супрацу Казахстану з Расеяй таксама не прадугледжвае накіраванне сумесных сілаў у нейкія раёны.
Якуб Хруст belsat.eu