ПВТ пахваліўся дзіўнымі кампаніямі, у тым ліку з каранямі ў «KGB». Як там з рэзідэнтамі?


У Парку высокіх тэхналогіяў прадставілі сваіх новых рэзідэнтаў, але блізкі разгляд новых кампаніяў выклікае хутчэй пытанні, чым гонар за айчынную ІТ-галіну. Не ўсё адназначна і з агульнай колькасцю зарэгістраваных у ПВТ кампаніяў.

ПВТ у Менску, Беларусь. Крыніца: belarusfacts.by

18 траўня беларускі Парк высокіх тэхналогіяў паведаміў, што Назіральная рада ПВТ прыняла рашэнне аб рэгістрацыі 31 кампаніі ў якасці рэзідэнтаў парку. У ліку навічкоў прадстаўнікі розных сфер, сярод якіх фінтэх, медыцына, электронная камерцыя, лагістыка, гульнявая індустрыя, сельская гаспадарка, майнінг і іншыя.

Колькі кампаніяў у ПВТ

Дакладная колькасць рэзідэнтаў ПВТ у рэлізе не паведамляецца. Адзначаецца толькі, што сёння «парк высокіх тэхналогіяў аб’ядноўвае больш як 1000 кампаніяў». У раздзеле «Лічбы і факты» на сайце парку паведамляецца, што «ПВТ – гэта бурны рост стварэння новых кампаній» і сёння ў ім 1065 рэзідэнтаў. Але гэтыя звесткі на сакавік 2022 года.

У паіменным спісе рэзідэнтаў парку 1061 пазіцыя, але «навічкоў» там няма. Таму існуе верагоднасць і таго, што там не адлюстраваныя і тыя кампаніі, якія ўжо пакінулі ПВТ. Паколькі ж афіцыйна называецца абстрактная лічба ў «больш як 1000 кампаніяў», хоць раней паведамлялася іх дакладная колькасць, можна меркаваць, што лік рэзідэнтаў не нашмат больш за 1000.

Пра тое, што парк любіць гуляцца з лічбамі сведчаць і звесткі пра кампаніі, якія далучыліся да яго. Гэтак, адзначаецца, што «ў 2019 годзе ў Парк уступіла 319 новых кампаній, у 2020-2021 гадах – яшчэ 417». То бок, спачатку даецца інфармацыя за адзін год, а пасля – адразу за два, што пры няўважлівым прачытанні можа скласці ўражанне пра больш устойлівы рост колькасці новых рэзідэнтаў ПВТ. Але гэта не так.

Спецыялізаваны партал DEV.by адзначае, што цяперашні набор рэзідэнтаў у ПВТ – першы за апошнія паўтара года, пра які афіцыйна паведаміў парк. Апошні раз пра прыём новых рэзідэнтаў ПВТ паведамляў ажно ў снежні 2021 года.

«Летась новымі рэзідэнтамі ПВТ сталі, паводле нашай інфармацыі, не менш за 30 кампаній. Аднак Парк афіцыйна пра гэта не паведамляў. Можна меркаваць, што летась быў усталяваны антырэкорд паводле колькасці новых кампаній Парка за апошнія 4 гады. Для параўнання: у 2019 годзе новымі рэзідэнтамі сталі 318 кампаній, у 2020 – 236, у 2021 – 179», – піша DEV.by.

Пры гэтым выданне мяркуе, што «за мінулы і гэты гады ПВТ не вырас», бо шмат кампаніяў прынялі рашэнне пра ліквідацыю бізнесу ў Беларусі.

Кампанія былога супрацоўніка «KGB»

З 31-й зарэгістраванай кампаніі ў рэлізе ПВТ называюцца толькі дзевяць. Пра гэтым адзначаецца, што да ПВТ далучыліся і рэзідэнты з замежным капіталам. Аднак прыводзіцца прыклад толькі адной такой кампаніі – «СіЭйІ Тэкноладжы». Гэта беларускі офіс амерыканскай кампаніі Capital Asset Exchange і Trading, LLC. Як адзначаецца ў рэлізе ПВТ, гэта «глабальны трэйдар, які працуе на рынку паўправаднікоў, які ў Менску плануе працаваць над доўгатэрміновымі праектамі для развіцця лічбавай гандлёвай платформы CAE.

Кампанія была заснаваная ў 1982 годзе ў ЗША і мае штаб-кватэру ў Тэхасе. Таксама яе офісы, паводле афіцыйнага сайту, ёсць у Швейцарыі, Беларусі і на Тайвані. Гадавы прыбытак кампаніі ацэньваецца ў $ 13 млн. Што цікава, віцэ-прэзідэнтам кампаніі ў пытаннях інжынірынгу з’яўляецца 51-гадовы беларус Андрэй Фядковіч, які раней адказваў за распрацоўкі ў кампаніі з дзіўнай назвай «KGB».

На сайце беларускага аддзялення адзначаецца толькі тое, што гэтая «растучая [так у беларускамоўным арыгінале. – Рэд. Belsat.eu] ІТ-кампанія ў Беларусі». Але больш ніякай інфармацыі пра яе, апроч кантактаў і вакансіяў, няма. Зарэгістраваная ў Менску яна была 23 лістапада 2021 года.

Каго яшчэ зарэгістравалі?

З рэшты васьмі кампаніяў, назвы якіх ёсць у рэлізе ПВТ, шэсць былі зарэгістраваныя толькі ў 2022 годзе. Пяці з іх няма і году, а дзве былі заснаваныя толькі перад новым 2023 годам. Усе яны з Менску. У сацыяльнай бізнес-сетцы LinkedIn колькасць людзей, якія звязаныя з гэтымі кампаніямі або адсочваюць іх дзейнасць, вагаецца ад 7 да 251.

Сярод самых юных кампаніяў «Лід Правайдар», паводле сайту ПВТ, плануе распрацаваць і дапрацаваць маркетплэйс адукацыйных паслуг «Educational Hub». Плануецца, што рэсурс будзе размяшчаць інфармацыю пра адукацыйныя паслугі, паказваць іх кошт, зніжкі, працягласць навучання, форму навучання, лакацыі, даты пачатку навучання груп і г. д.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: freepik.com

«Імерсіў» збіраецца распрацоўваць і прасоўваць уласную мабільную гульню «Interio», што сімулюе стварэнне інтэр’ераў памяшканняў. А «Разумныя ДНК Тэхналогіі» зоймецца распрацоўкай лінейкі прылад, шмат- і аднаразовых панэляў для «правядзення ДНК секвенавання новага пакалення». Яны абяцаюць адрознівацца ад існых на рынку «ўнікальнай тэхналогіяй вызначэння ДНК».

«АйПіПлам» плануе распрацоўваць уласны праграмны комплекс «LiveStream» для арганізацыі і правядзення азартных гульняў у рэжыме жывой трансляцыі. Таксама яна хоча распрацоўваць софт для заказчыкаў у сферы гульнявога бізнесу, уключна з праграмнымі платформамі для аператараў віртуальных гульнявых устаноў.

«ДзіваСофт» зоймецца распрацоўкай уласных праграмна-апаратных комплексаў для сферы сельскай гаспадаркі, адзін з якіх прызначаны для кіравання і кантролю працэсамі жывёлагадоўчых прадпрыемстваў «КОРМ+», а другі – для кіравання асноўнымі вытворчымі працэсамі сельскагаспадарчых прадпрыемстваў «Разумная ферма».

«ІнДэў Салюшэнс» зоймецца стварэннем адзінай дзяржаўнай платформы распрацоўкі сайтаў дзяржорганаў. Што цікава, кампанія была створаная 7 снежня 2022 года, а ўжо праз два тыдні была зарэгістраваная прафсаюзная ячэйка кампаніі. Гэта адзіная з новых кампаніяў-рэзідэнтаў ПВТ, якая мае сваю прафсаюзную ячэйку. Таксама яна ўжо спрабуе браць удзел у тэндары ад Міністэрства сувязі і інфарматызацыі.

Не толькі моладзь

Ёсць сярод новых рэзідэнтаў ПВТ і кампаніі, якім ужо ёсць па некалькі гадоў. Гэтак, зарэгістраваная ў кастрычніку 2019 года «ФоксТры» спецыялізуецца ў распрацоўцы ўласных сэрвісаў для абмену звесткамі і камунікацыі ў інтэрнэце. Сярод рашэнняў у рэлізе ПВТ называецца мабільная праграма «СounterStroke», якая аналізуе фізіялагічныя параметры чалавека і «вызначае верагоднасць інсульту». Праўда, на сайце кампаніі больш кажуць пра «Depesha-A» – «праграмнае забеспячэнне для ажыццяўлення камунікацый у сетцы Інтэрнэт для мабільных прылад, якія працуюць пад кіраваннем аперацыйнай сістэмы Android».

Яшчэ на год старэйшая кампанія «ЭкстБел» – распрацоўнік вэб- і мабільных праграм у сферы банкаўскіх і фінансавых паслуг, аховы здароўя, электроннай камерцыі і лагістыкі. Кампанія некалькі разоў спрабавала ўзяць удзел у дзяржзакупах, але ўвесь час прайгравала дзяржаўным прадпрыемствам.

Такім чынам, большасць наваяўленых рэзідэнтаў ПВТ нагадвае хутчэй стартапы. У каментарах на сайце DEV.by карыстальнікі адзначаюць, што «калі раней у ПВТ заходзілі знакамітыя кампаніі, кампаніі з добрым бюджэтам», то цяпер гэта распрацоўнікі адной мабільнай гульні і дзяржсайтаў. І тыя, «зоймуцца, плануюць, збіраюцца».

Спроба абысці санкцыі?

У каментары «Белсату» адзін з прадстаўнікоў беларускай ІТ-сферы выказаў меркаванне, што кампаніі-рэзідэнты ПВТ, што ўзніклі ў 2021-2022 гадах, маглі быць створаныя для абыходу санкцыяў – «атрымаць выгады ад падаткаў у ПВТ, але не несці рызыкі санкцыйныя на асноўнай кампаніі».

«Бо калі гэтыя кампаніі створаць нейкі прадукт каштоўны, дык інтэлектуальную ўласнасць лёгка з Беларусі потым вывесці, прадаць ці перадаць асноўнай кампаніі», – адзначыў суразмоўца.

Пры гэтым ён падкрэсліў, што ў Беларусі дагэтуль вельмі выгадна плаціць падаткі ў ПВТ, і з пункту гледжання бізнесу «хочацца атрымліваць гэтыя бонусы без санкцыйных рызык».

Hавiны
У Беларусі імкліва працягваецца адток ІТ-спецыялістаў
2023.04.06 13:32

Макар Мыш belsat.eu

Стужка навінаў