YouTube заблакаваў канал беларускіх добраахвотнікаў, якія ваююць за Украіну


YouTube заблакаваў канал беларускіх добраахвотнікаў «Partyzan». Кіраўнік варшаўскага цэнтру дапамогі беларускім добраахвотнікам, якія ваююць за Украіну, Павел Кухта лічыць блакаванне каналу часткай інфармацыйнай вайны, што вядзе Расея. Ён паведаміў пра стварэнне новага каналу з той жа назваю.

Беларускія добраахвотнікі трэнуюцца ва Украіне. 18 сакавіка 2022 года.
Фота: АЦ / Белсат

Паводле Паўла Кухты, канал «Partyzan» быў створаны менш за год таму беларускімі добраахвотнікамі, якія ў розны час ваявалі за Украіну. Ад пачатку на канале публікаваліся толькі арыгінальныя ролікі пра ўдзел беларусаў у вайне на баку Украіны. Кухта сцвярджае, што аўтарскіх правоў публікацыі на канале не парушалі, як і іншых правілаў YouTube.

«Канал быў заблакаваны адразу і без папярэджанняў і выразнага тлумачэння прычынаў блакавання. Нашая апеляцыя з просьбай аднавіць канал была адхіленая. Звязваем мы гэта з тым, што беларускі і ўкраінскі YouTube ўсё яшчэ мадэруецца ў Расеі», – патлумачыў Кухта.

Ён выказаў спадзяванне, што «ўжо хутка любы ўплыў расейцаў на YouTube будзе нівеляваны» і заклікаў беларусаў падпісвацца на новы канал «Partyzan».

Беларускія добраахвотнікі ўдзельнічалі ў баявых дзеяннях на ўсходзе Украіны з вясны 2014 года. На пачатку сакавіка 2022 года для абароны Кіева быў створаны асобны батальён імя Кастуся Каліноўскага. Да батальёну, сярод іншых, далучыліся сябры тактычнай групы «Беларусь», «Белага легіёну», «Маладога фронту».

Hавiны
«Час жартаў мінуў». Стваральнік «МКБ» далучыўся да батальёну Кастуся Каліноўскага
2022.03.12 11:56

ЗК belsat.eu

Стужка навінаў