Кацярыну Андрэеву перавялі ў СІЗА ў сувязі з «працэсуальнымі дзеяннямі». Яе статус невядомы


Журналістка «Белсату» Кацярына Андрэева яшчэ на мінулым тыдні была этапаваная з гомельскай папраўчай калоніі №4 у гомельскае СІЗА №3.

Кацярына Андрэева.
Фота: Белсат

Нашыя чытачы, якія перапісваліся з Кацярынай падчас зняволення, паведамляюць, што на гэтым тыдні ім пачалі вяртацца іх лісты з калоніі, хаця раней нічога пра этапаванне журналісткі не паведамлялася. Сёння ў сеціве зʼявіліся здымкі лістоў, якія беларусы накіроўвалі Кацярыне Андрэевай у папраўчую калонію №4 Гомля: яны вярнуліся адпраўнікам з пазнакай «паводле даведкі ПП-4, у ПП-4 няма». Гэта значыць, што нашая каляжанка па гэтым адрасе адсутнічае.

Муж журналісткі Ігар Ільяш пацвердзіў belsat.eu, што Кацярыны ў калоніі няма – яе перавялі ў гомельскае СІЗА.

«Так, сапраўды, Каці няма ў папраўчай калоніі – з 10 лютага яна знаходзіцца ў СІЗА №3 г. Гомля. Я не распаўсюджваў гэтую інфармацыю, бо спадзяваўся спачатку нешта даведацца па сутнасці, разабрацца, што адбываецца. Але ўсё марна. На сённяшні дзень я ведаю толькі тое, што яе перавялі ў СІЗА ў сувязі з нейкімі «працэсуальнымі дзеяннямі».

Што гэта дзеянні, у межах якой справы, паводле якога артыкулу і ў якім статусе цяпер Каця – я не ведаю. Адвакатка знаходзіцца пад жорсткай падпіскай аб неразгалошванні і ёй абсалютна нічога не дазваляюць мне паведаміць. Таму можна толькі здагадвацца, для якіх «працэсуальных дзеянняў» яна спатрэбілася спецслужбам. Каця і так незаконна знаходзіцца за кратамі ўжо больш за 15 месяцаў. Безумоўна, гэта ўсё вельмі трывожна».

Цяпер лісты для Кацярыны Андрэевай можна дасылаць па адрасе: Гомель, вуліца Кніжная 1А, СІЗА №3, 246003.

Фота: чытачы «Белсату»

Кацярыну Андрэеву і Дар’ю Чульцову затрымалі 15 лістапада 2020 года за стрым з жорсткага разгону падчас акцыі памяці Рамана Бандарэнкі і разбурэння сілавікамі народнага мемарыялу. Кацярыну і Дар’ю абвінавацілі паводле ч. 1 арт. 342 («Арганізацыя і рыхтаванне дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак») Крымінальнага кодэксу. 18 лютага 2021 года суддзя Фрунзенскага раённага суда Менску Наталля Бугук пакарала Кацярыну і Дар’ю 2 гадамі пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму.

Нашыя каляжанкі не прызналі сваёй віны і лічаць пераслед помстаю спецслужбаў за прафесійную дзейнасць.

У зняволенні Дар’ю і Кацярыну паставілі на прафілактычны ўлік як асобаў, «схільных да экстрэмізму і іншых дэструктыўных дзеянняў». Такі статус прадугледжвае ўзмоцнены кантроль з боку адміністрацыі. Яны цяпер павінны насіць жоўтыя біркі – такім колерам пазначаюць асобаў нібыта «схільных да экстрэмізму».

Тэрмін Кацярыны і Дар’і мусіць скончыцца 5 верасня 2022 года.

belsat.eu

Стужка навінаў