Сведку забойства Генадзя Шутава хочуць пасадзіць на 10 гадоў


Аляксандр Кардзюкоў, сведка забойства Генадзя Шутава, у судзе.
Фота: «Белсат»

У судзе Берасцейскай вобласці працягваецца працэс над Аляксандрам Кардзюковым, сведкам забойства Генадзя Шутава. Пракурор Генадзь Буры запатрабаваў для вязня 10 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Вінаватым патрабуюць вызнаць і нябожчыка, але без прызначэння пакарання.

Першапачаткова Аляксандра Кардзюкова вінавацілі ў супраціве працаўніку органаў унутраных справаў (ч. 2 арт. 363 КК РБ). Мужчыну пагражала да пяці гадоў пазбаўлення волі. Пазней абвінавачванне перакваліфікавалі ў замах на забойства (ч. 2 арт. 139 КК РБ).

11 жніўня падчас пратэстаў у Берасці спецназавец з Мар’інай Горкі Раман Гаўрылаў застрэліў мінака Генадзя Шутава. Аляксандр Кардзюкоў быў сведкам гэтага эпізоду. Яго затрымалі праз некалькі дзён.

Пракурор Генадзь Буры.
Фота: Белсат

Кардзюкоў сказаў у судзе, што з сабой у яго быў адрэзак трубы для самаабароны – на ўсялякі выпадак. Яны з Шутавым сядзелі на парапеце і назіралі. Потым падышлі да вайскоўцаў, запыталі, што адбываецца, і Гаўрылаў штурхнуў Шутава. Кардзюкоў «даў здачы».

Але пацярпелымі прызналі не Кардзюкова і нябожчыка Шутава, а сілавікоў – капітана Рамана Гаўрылава і прапаршчыка Арсенія Галіцына.

Пацярпелыя Раман Гаўрылаў і Арсеній Галіцын у судзе.
Фота: Белсат

Тое, што адбывалася ў абласным судзе Берасця, апісаў адвакат Аляксандра Кардзюкова: «Я разумею той дысананс у галовах шмат каго, калі яны спрабуюць асэнсаваць падзеі. Вайскоўцы застрэлілі Шутава, але судзяць ягонага сябра Кардзюкова, прычым нібыта за замах на забойства таго вайскоўца, які нібыта страляў у Шутава. Але ўсё менавіта так».

11 жніўня супраць мірных удзельнікаў пратэсту выкарысталі ўзброенае войска, у пракурора трымцяць рукі, але ён просіць даць дзесяць гадоў строгага рэжыму Аляксандру Кардзюкову і пасмяротна прызнаць Генадзя Шутава вінаватым у супраціве працаўніку органаў унутраных справаў.

Пры гэтым Гаўрылаў і Галіцын, суўдзельнікі забойства Шутава, у поўным аб’ёме падтрымліваюць гэтыя патрабаванні абвінавачвання.

Дачка Генадзя Шутава Анастасія супакойвае сястру Аляксандра Кардзюкова Марыну, за імі назіраюць Гаўрылаў і Галіцын.
Фота: Белсат

Настасся Баранчук, дачка забітага Шутава, на судовым пасяджэнні заявіла: «Віна майго бацькі не даказаная, ён не рабіў злачынства, у якім яго вінавацяць, таму лічу, што ён павінен быць цалкам апраўданы, а на лаве падсудных мусяць сядзець вайскоўцы Гаўрылаў і Галіцын. Лічу, што Галіцын хлусіць у судзе, каб пазбегнуць крымінальнай адказнасці за перавышэнне службовых паўнамоцтваў і наўмыснае забойства майго бацькі Генадзя».

Праваабаронца Раман Кісляк у каментары «Белсату» адзначыў: «У судовым працэсе я не ўбачыў доказаў, дастатковых для абвінавачання Кардзюкова і Шутава ў здзяйсненні гэтых злачынстваў. Больш за тое, супраць мірнага насельніцтва выкарысталі войска, гэта абуральны факт, які неабходна расследаваць. Я ды іншыя жыхары Берасця абураныя гэтымі абставінамі. Фактычна супраць нас праводзілася вайсковая спецаперацыя, дзе вайскоўцы ў цывільным стралялі ў мірных грамадзянаў. Гэта парушае ўсе законы міжнароднага права».

Вырак агучаць 25 лютага. Адвакат Кардзюкова і ён сам просяць яго апраўдаць.

Гісторыі
«Хочуць апраўдаць смяротны стрэл у Генадзя Шутава». Берасцейца будуць судзіць за замах на забойства падчас пратэстаў
2020.12.30 13:40

ЯП belsat.eu

Стужка навінаў