Культуролага Аксану Зарэцкую будуць судзіць паводле «пратэснага» артыкулу


Экспертку ў этыкеце і бізнес-трэнерку, сябру Каардынацыйнай рады Аксану Зарэцкую абвінавачваюць паводле артыкулу 342 КК («Арганізацыя і рыхтаванне дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх»), паведамляюць праваабаронцы. Яе затрымалі ў канцы леташняга снежня.

Бізнес-трэнерка Аксана Зарэцкая.
Фота: zaretskaya.by

Аксана Зарэцкая – заснавальніца Школы дзелавой культуры і этыкету, сябра Каардынацыйнай рады. Цяпер яе трымаюць у СІЗА № 1 на Валадарскага. Паводле папярэдняй інфармацыі, суд над ёй пройдзе ў лютым.

Як стала вядома праваабаронцам «Вясны», з ёю ў крымінальнай справе праходзіць палітвязень, заснавальнік кампаніі «Astronim» і фестывалю «Белы Квадрат» Багдан Каравец.

Зарэцкую затрымлівалі і раней. Так, 16 чэрвеня 2021 года ў Чырвоным дворыку ў Менску, праз некалькі хвілінаў пасля пачатку спектакля «Белы трусік, Чырвоны трусік», туды прыйшлі працаўнікі міліцыі і затрымалі васьмярых гледачоў і сябру Каардынацыйнай Рады Аксану Зарэцкую, арганізатарку прагляду спектаклю. У кастрычніку 2021 года ў яе ўдома прайшоў ператрус.

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў