Пракурор патрабуе 2 гады калоніі для Аляксандра Івуліна. Прысуд агучаць 19 студзеня а 16-й


У судзе Савецкага раёну Менску працягваецца суд над спартовым журналістам Аляксандрам Івуліным. Падчас паседжання 19 студзеня Івулін выступіў з апошнім словам. Пракурор запытаў для яго 2 гады пазбаўлення волі, піша «Медыязона» са спасылкай на слухача, які прысутнічае ў судовай зале. Прысуд агучаць 19 студзеня а 16:00.

Аляксандр Івулін, палітзняволены журналіст і блогер.
Фота: tribuna.com

Аляксандра Івуліна абвінавачваюць у грубым парушэнні грамадскага парадку (ч. 1 арт. 342). Паводле следства, 23 жніўня і 27 верасня 2020 года Івулін разам з іншымі людзьмі «рухаўся па праезнай частцы праспекту Незалежнасці і вуліцы Сурганава ў Менску, блакуючы і перагароджваючы шлях аўтамабілям».

Акрамя таго, журналіст нібыта размяшчаў на YouTube «відэазапісы пабуджальнага характару, каб стварыць негатыўную ацэнку дзейнай улады». Абвінавачанне лічыць, што сваімі дзеяннямі Івулін арганізаваў групу грамадзянаў, якія ўдзельнічалі ў пратэстах са жніўня 2020 года да сакавіка 2021 года.

Артыкулы
Пачалі судзіць журналіста Аляксандра Івуліна. «Менсктранс» хоча 39 тысяч рублёў
2022.01.17 14:05

Аляксандра Івуліна затрымалі 3 ліпеня разам з ягоным калегам Яраславам Пісарэнкам. У іхнай кватэры правялі ператрус, а пазней адвезлі журналістаў на Акрэсціна. 4 чэрвеня суд Фрунзенскага раёну арыштаваў Івуліна на 30 содняў за паўторнае незаконнае пікетаванне (ч. 3 арт. 24.23 КаАП РБ). Яраслава Пісарэнку арыштавалі на 15 содняў.

Аляксандр Івулін – спартовы журналіст выдання Tribuna, аўтар праекту «ЧестнОК», футбаліст клубу «Крумкачы».

ГГ, belsat.eu

Стужка навінаў