Сёлета ў Беларусі захворванне ВІЧ-інфекцыяй вырасла амаль на 15%


У студзені – лістападзе 2022 года зарэгістраваныя 1518 выпадкаў ВІЧ-інфекцыі, паказнік захваральнасці на 14,7 % перавысіў узровень аналагічнага перыяду 2021 года.

Пра гэта паведамляе Рэспубліканскі цэнтр гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя.

Цяпер паказнік захваральнасці ў Беларусі складае 16,4 выпадкаў на 100 тысячаў насельніцтва (2021 год – 14,3 выпадкаў на 100 тысячаў насельніцтва).

Больш за ўсё выпадкаў інфікавання зафіксавана ў Менску: за 11 месяцаў 2022 года там захварэлі на ВІЧ 441 чалавек (22,1 выпадку на 100 тысячаў асобаў). Пры гэтым найгоршыя паказнікі адносна колькасці насельніцтва дэманструе Гомельская вобласць: 26,7 выпадкаў на 100 тысяч асобаў (372 інфікаваных з пачатку года).

Самыя нізкія паказнікі і ў абсалютных, і ў адносных лічбах зафіксаваныя на Гарадзеншчыне: 66 інфікаваных – 6,6 выпадаў на 100 тысячаў.

87,4 % з ліку зарэгістраваных у студзені – лістападзе 2022 года выпадкаў ВІЧ – асобы, якім больш за 30 гадоў. 44,2% інфікаваных – гэта асобы рабочых спецыяльнасцяў і служачыя.

У агульнай структуры ВІЧ-інфікаваных асобаў пераважаюць мужчыны (60,7 %), доля жанчын складае 39,3 %. Асноўны шлях заражэння – палавы (80,9 %), доля заражэння пры ўнутрывенным увядзенні наркатычных рэчываў складае 17,3 %.

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў