Штам о-мікрон выявілі ва ўсіх краінах-суседзях Беларусі


Ці ёсць у Беларусі штам о-мікрон вірусу SARS-CoV-2, афіцыйна невядома. Але вакол Беларусі яго ўжо выявілі ва ўсіх краінах.

Выява мае ілюстрацыйны характар.
Фота: med-soyuz.com.ua

Апошняй з суседзяў Беларусі штам о-мікрон выявілі ва Украіне. Міністр аховы здароўя Украіны Віктар Ляшко паведаміў у Facebook, што новы штам выявілі ў ноч на 18 снежня ў чалавека, які вярнуўся з Арабскіх Эміратаў.

Раней гэты штам выявілі ў Латвіі, Літве, Польшчы і Расеі. Ва ўсіх суседніх з Беларуссю краінах штам выявілі ў тых, хто падарожнічаў у іншыя краіны, але ў Нарвегіі, Даніі, Харватыі, Нямеччыне, Францыі, Вялікай Брытаніі, Ірландыі, Іспаніі, Партугаліі і іншых краінах фіксуюць ужо лакальную перадачу новага штаму вірусу.

Што з гэтым штамам у Беларусі, невядома. Апошні раз Міністэрства аховы здароўя Беларусі згадвала пра яго 13 снежня. Тады міністр Дзмітрый Піневіч казаў, што штам пакуль не выяўлены, але яго «шукаюць усімі магчымымі спосабамі».

Пры тым ёсць шматлікія падставы не давяраць заявам Міністэрства аховы здароўя аб каронавірусе: афіцыйная статыстыка выглядае нерэалістычна, а колькасць «лішніх» смерцяў у 15 разоў перавышае колькасць прызнаных смерцяў ад каронавіруса.

Hавiны
Штам о-мікрон ужо можа быць у Беларусі. Але бяда цяпер – з грыпам і «чысткамі»
2021.12.07 13:36

Даследаванні новага штаму пакуль толькі пачынаюцца. Ужо зразумела, што ён распаўсюджваецца значна хутчэй за мінулыя штамы і што ім істотна часцей заражаюцца тыя, хто ўжо перахварэў. Але адносна таго, ці ён выклікае лягчэйшыя сімптомы, ці не менш цяжкія за ранейшыя штамы, звесткі спрэчныя. Ды падобна, што вакцыны па-ранейшаму бароняць ад цяжкіх наступстваў COVID-19, хоць і з меншай эфектыўнасцю.

АА belsat.eu

Стужка навінаў