Кіно нудна ўпарадкоўвае навакольны хаос: што я пабачыла на кінафэсце DOC Leipzig

Рэжысёр увесь фільм намагаецца дазнацца, адкуль у яго дзіцячы ўспамін пра касмічны карабель, што пралятае над галавой. Я паглядзела праграму дакументальных фільмаў на кінафестывалі DOC Leipzig як сябра журы, і акурат паўднёвакарэйскі «Універмаг «Universe» (Universe Department Store) стаў нашым пераможцам. Самы свежы, свабодны і па-добраму шалёны ва ўсёй праграме, да таго ж адзін з нешматлікіх, дзе малая ці вялікая трагедыя не навальваюцца гледачу на грудзі бетоннай плітой.

Фільм «Універмаг «Унівёрс».
Фота: dok-leipzig.de

Дакументальнае кіно – гэта пра катастрофы. Бывае, чым страшнейшая катастрофа, тым мацнейшы фільм (ці прынамсі ўражанне ад яго). У нас ува ўсіх круцілася галава пасля фізічна невыноснай карціны «Белы анёл – канец Марынкі». Цэлы фільм каманда ратавальнікаў эвакуюе жыхароў украінскай вёскі Марынка, якая паступова знішчаецца расейцамі. Большасць планаў знятыя на прычэпленую да аднаго з ратавальнікаў камеру, так што выява ўвесь час калоціцца і трымціць, а на выяве – змучаныя і параненыя людзі ў сваіх дамах і падвалах. Пасля паказу мне здавалася, што калі я нешта вазьму ў рот, мяне тут жа званітуе. Я выратавалася алкаголем.

На жаль ці на шчасце, наш вар’яцкі дом [свет] сістэматычна пастаўляе дакументалістам багата тэмаў, выбірай – не хачу. Раней я глядзела на гэтыя трагедыі з халодным сэрцам, цяпер кожная гісторыя сама менш забірае маю «ўцягнутасць», а не толькі адсунуты позірк кінакрытыка. Я, напрыклад, дагэтуль не разумею, ці магу аб’ектыўна ацэньваць дакументальныя фільмы пра беларускія падзеі пасля выбараў 2020 года. Хіба не. А калі ў свеце здараецца чарговая катастрофа, цынічна чакаеш кіно пра яе, як цяпер пра вайну Ізраілю і «Хамасу».

Праграма майго журы на DOC Leipzig – аднаго з найпрэстыжнейшых кінафестываляў для дакументальнага і анімацыйнага кіно ў Еўропе – пачалася са стужкі «Кумва – што прыходзіць з цішыні». На чарадзе даўжэзных планаў старэйшае пакаленне тутсі расказвае дзецям пра генацыд свайго народу ў Руандзе ў 1994 годзе. А супольная прадукцыя Харватыі і Сербіі «Эль Шат – праект утопіі» карыстаецца ўспамінамі жывых відавочцаў у якасці войс-овэру і добра захаванымі архівамі, каб па-перфекцыянісцку метадычна расказаць, як у 1944 годзе ўцекачы з Далмацыі паехалі ў адмысловы лагер у егіпецкай пустэльні і вярнуліся з яго.

Я падумала, якая цікавая з’ява: аўтары структуравана, арганізавана, паступова і ад гэтага часта нудна расказваюць пра трагедыю. Разбіраюць яе, упарадкоўваюць і такім чынам як бы бяруць пад кантроль. Нешта ў гэтым ёсць – хаця б у такі спосаб упарадкаваць непадуладны нам навакольны хаос.

Гэтак жа фільм The Standstill акуратна, паслядоўна, выверана апавядае пра распаўсюджванне віруса Covid-19, ад яго з’яўлення і праз некалькі афіцыйных лакдаўнаў у Аўстрыі. Там і адаптацыя вялізных памяшканняў на патрэбы хворых, і руціна дактароў, і праца ўладаў, і пратэсты аўстрыйцаў супраць лакдаўнавых абмежаванняў, і вяртанне да нормы. У фільме размерана расстаўленыя інтэрв’ю. Так падзабытая ўжо тэма каронавіруса зрабілася яшчэ больш нуднай, затое ў межах мастацкай формы была ўмоўна ўзятая аўтарамі пад кантроль.

Фільм The Standstill.
Фота: dok-leipzig.de

Рэжысёрка французскага фільму «Бабуля 44» размаўляе са сваім бацькам пра ягонага бацьку, забітага за супрацу з нацыстамі ў 1944 годзе. Ілюструе размову зноў жа метадычнае, уважлівае і нуднае адлюстраванне бацькавай фермерскай руціны – што збалансоўвае меркаваныя эмоцыі ад ганебнай тэмы размовы.

За сняданкамі мы размаўляем пра падзелы. Амерыканская рэжысёрка расказвае, што некаторыя чальцы ейнай сям’і галасавалі за Трампа (а для яе абразай было ўжо само маё пытанне, ці галасавала яна за яго), таму размоваў пра палітыку за сталом лепш не пачынаць. Нямецкая кінакрытык, якая паходзіць з Усходняй Нямеччыны, расказвае пра захаваную розніцу ў сучаснай Нямеччыне паміж тэрыторыямі былых ФРГ і ГДР. Мы каштуем папулярнае печыва з супермаркету – мая суразмоўца помніць яго з дзяцінства, а калега з Заходняй Нямеччыны ніколі яго дагэтуль не каштавала.

Наколькі разумею, людзі ідуць на папулярныя жанры жахлівіку і камедыі акурат па эмоцыі. Я таксама часта шукаю ў кіно менавіта іх, але даю справаздачу, што кіно можа працаваць і ў адваротны бок. Упарадкаваная кінапраграма на DOC Leipzig у час шакавальных падзеяў у Ізраілі, вайны ва Украіне, рэпрэсіяў у Беларусі, усіх магчымых падзелаў, раздзелаў і канфліктаў прызямліла і расклала ўсё на паліцы. У свеце татальны хаос, а на паказах кінафестывалю – логіка і паслядоўнасць.

Калі, прыбітая гэтымі парадкам і сіметрыяй, я паглядзела фільм «Універмаг «Universe», ён падаўся мне самым вар’яцкім эксперыментам і самым «некатастрафічным» фільмам на свеце. Ён спалучыў у сабе ўсё, што мог спалучыць, – здымкі Сеулу, анімацыю, графіку, незямны свет, рэкламу 1980-х і шаблонныя інтэрв’ю перад камерай, якія звычайна ўспрымаеш як прыкмету тэлебачання.

І ў такі эклектычны спосаб аўтар намагаецца даследаваць свае ўспаміны пра Сеул 1980-х, які быў разбіты ў час карэйскай вайны, але тады імкліва развіваўся і прапаноўваў гараджанам новыя, «капіталістычныя», прывабныя і ў той жа час падманлівыя забавы. Неяк у дзяцінстве над галавой аўтара праляцеў касмічны карабель – і быў гэта вялікі горад Сеул ці, можа, сон, а можа, нават не сон, мы так і не дазнаемся.

Але як жа было прыемна круціцца вакол загадкавага дзіцячага ўспаміну, а не апускацца ў генацыд, войны, перасяленні, забойствы і covid-19. Мне б спадабалася, калі б было наадварот: калі б гэта мастацтва было неўтаймаванае, а не наш вар’яцкі дом [свет].

belsat.eu

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў