Беларусь больш не прызнае ўкраінскіх дакументаў аб адукацыі і навуковых званнях


Беларусь спыніла дзеянне міжурадавага пагаднення з Украінай аб узаемным прызнанні і эквівалентнасці дакументаў аб адукацыі і навуковых званнях. Адпаведную пастанову ўраду апублікавалі на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале, яна ўступіла ў моц у дзень прыняцця.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Будынак Беларускага дзяржаўнага эканамічнага універсітэту ў Менску, Беларусь.
Фота: Белсат

«Спыніць дзеянне пагаднення паміж урадам Рэспублікі Беларусь і Кабінетам Міністраў Украіны аб узаемным прызнанні і эквівалентнасці дакументаў аб адукацыі і навуковых званнях, падпісанага ў Менску 6 лютага 1998 года», – гаворыцца ў дакуменце.

Міністэрству замежных справаў Беларусі даручана апавясціць другі бок пра спыненне дзеяння пагаднення.

Згодна з гэтым пагадненнем у Беларусі прызнаваліся ўкраінскія дакументы аб адукацыі: атэстаты і дыпломы аб заканчэнні спецыяльных, прафесійна-тэхнічных, вышэйшых навучальных установаў, а таксама навуковыя ступені дацэнтаў і прафесараў.

Урад Украіны пастанавіў выйсці з пагаднення аб узаемным прызнанні і эквівалентнасці дакументаў аб адукацыі і навуковых званнях, аб супрацы ў галіне атэстацыі навуковых і навукова-педагагічных кадраў вышэйшай кваліфікацыі яшчэ ў красавіку 2022 года. Тады ж дэнансавалі пагадненне аб супрацы ў галіне навукі і тэхналогіяў.

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў