У Горадні перад прысудам у «справе Аўтуховіча» затрымалі адвакатку аднаго з абвінавачваных


У Горадні 17 кастрычніка затрымалі адвакатку Яніну Юргілевіч, маму іншай гарадзенскай адвакаткі Юліі Юргілевіч. Яніна абараняла аднаго з фігурантаў «справы Аўтуховіча». Пра гэта паведамляе тэлеграм-канал «Free Belarus Women».

Адвакатка Яніна Юргілевіч. Крыніца: rka.by

Адвакатку Яніну Юргілевіч затрымалі перад працэсам у «справе Аўтуховіча» – учора, 17 кастрычніка, фігурантам справы абвясцілі прысуды. У сувязі з ейным затрыманнем была прызначаная замена адваката.

«Пры ўваходзе на тэрыторыю турмы каля КПП была затрыманая Юргілевіч, маці Юлі. Супрацоўнікі КДБ яе чакалі з бусам на рагу турмы. Калі яна прыйшла, яны далі апазнавальныя сігналы іншым сваім супрацоўнікам, падагналі хутка іншы бус. З яго выйшаў мужчына і паказаў ксіву, і іншыя 2 дармаеды выйшлі з буса з панчохамі на мордзе, забралі гэтую жанчыну пад рукі і павезлі», – паведамляюць відавочцы затрымання.

На думку адміністратараў тэлеграм-каналаў, затрыманне Яніны Юргілевіч можа быць звязанае не толькі з вынясеннем прысуду ў «справе Аўтуховіча», але і з нядаўнім арыштам ейнай дачкі – як магчымасць псіхалагічнага ціску.

Нагадаем, у канцы жніўня ў Горадні затрымалі пазбаўленую ліцэнзіі адвакатку Юлію Юргілевіч. Яна працавала адвакатам амаль 18 гадоў і апошнім часам бралася за «палітычныя» справы. У яе ўдома прайшоў ператрус. Цяпер Юлія ўтрымліваецца ў СІЗА турмы № 1 Горадні.

Hавiны
Праваабаронца: Прысуд па «справе Аўтуховіча» – гэта палітычная расправа
2022.10.17 19:58

17 кастрычніка ў гарадзенскай турме № 1 завяршыўся судовы працэс над 12 беларусамі, якіх следчыя аб’ядналі ў так званую групу Аўтуховіча і вінавацяць у тым ліку ў тэрарызме. Фігурантаў справы прызналі вінаватымі і прысудзілі тэрміны да 25 гадоў турэмнага зняволення.

Так, Мікалаю Аўтуховічу прызначылі 25 гадоў зняволення. Баранавіцкага інваліда Уладзіміра Гундара засудзілі на 18 гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Вользе Маёравай прызначылі 20 гадоў калоніі. Віктару Снегуру – 19 гадоў зняволення. Галіну Дзербыш і Паўла Саву засудзілі на 20 гадоў. Любоў Разановіч засудзілі на 15 гадоў, Сяргею Разановічу прызначылі 16 гадоў, Паўлу Разановічу прысудзілі 19 гадоў. Ірыну Мерхель засудзілі на 17 гадоў калоніі, ейнага мужа Антона – на 2,5 года калоніі. Ірыне Гарачкінай прызначылі 6 гадоў і 1 месяц калоніі.

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў