Парламент Эстоніі прызнаў расейскі рэжым тэрарыстычным


Парламент Эстоніі – Рыйгікогу – прызнаў расейскі рэжым тэрарыстычным, а Расею – дзяржавай-спонсарам тэрарызму. І заклікаў міжнародную супольнасць таксама прыняць падобныя дэкларацыі.

На паседжанні 18 кастрычніка эстонскі парламент прыняў заяву, у якой асуджае анексію тэрыторыі Украіны і абʼяўляе расейскі рэжым тэрарыстычным. Апроч таго, эстонскія парламентарыі заявілі аб неабходнасці прызнаць тэрарыстычнымі арганізацыямі ўзброеныя сілы створаных Расейскай Федэрацыяй так званых Данецкай і Луганскай народных рэспублік і прыватную ваенную кампанію «Вагнер».

«Падтрымліваючы заклік парламента Украіны да дзяржаў і міжнародных арганізацый, Рыйгікогу абʼяўляе расейскі рэжым тэрарыстычным, а Расейскую Федэрацыю – дзяржавай-спонсарам тэрарызму, дзеянням якога неабходна сумесна даць адпор. Рыйгікогу заклікае міжнародную супольнасць прыняць аналагічныя дэкларацыі», – паведамляецца ў заяве парламенту Эстоніі.

Парламент Эстоніі прыняў заяву аб асуджэнні анексіі тэрыторыі Украіны і прызнанні расейскага рэжыму тэрарыстычным. 18 кастрычніка 2022 года, Таллін.
Фота: Эрык Пейнар / riigikogu.ee

Эстонскія дэпутаты адзначылі ў заяве, што ніколі права не дасягалася шляхам парушэння: «Пуцінскі рэжым, які пагражае ядравай зброяй, зрабіў Расею самай вялікай пагрозай міру як у Еўропе, так і ва ўсім свеце».

Парламент Эстоніі ўхваляе прапанову пазбавіць Расею статуса пастаяннага чальца Савету Бяспекі ААН і заклікае дзяржавы-чальцы Еўрапейскага саюзу праявіць адзінства ў прымяненні дадатковых эканамічных санкцый, накіраваных супраць Расейскай Федэрацыі і яе саюзніка Беларусі. Эстонія заклікала Еўразвяз і NATO павялічыць ваенную і гуманітарную дапамогу Украіне, і падтрымліваць пасляваеннае аднаўленне ўкраінскай дзяржавы.

 

Аналітыка
Перад 24 лютага і цяпер. Як рэжым Лукашэнкі паўтарае адзін і той жа сцэнар эскалацыі
2022.10.18 19:12

Антон Тачняк belsat.eu

Стужка навінаў