МЗС Францыі: рашэнне беларускіх уладаў выслаць пасла Нікаля дэ Лякоста беспадстаўнае


Міністэрства замежных справаў Францыі пракаментавала ініцыятыву беларускіх уладаў выслаць пасла Нікаля дэ Лякоста. Гэтае рашэнне французскія дыпламаты называюць беспадстаўным, і распавядаюць, што яно было прынятае ўслед за «некалькімі негатыўнымі рашэннямі», якія абмежавалі магчымасці» французскай місіі ў Менску.

«Адпаведна, прапарцыйныя меры былі прадпрынятыя французскімі ўладамі ў дачыненні да беларускага дыпламатычнага прадстаўніцтва ў Францыі, аб чым беларускія ўлады былі праінфармаваныя», – гаворыцца ў заяве французскага ведамства.

Нікаля дэ Лякост быў высланы з Менску, бо не ўручыў даверчыя граматы Аляксандру Лукашэнку пасля выбараў у 2020 годзе. МЗС Францыі тлумачыць, што граматы не былі ўручаныя «у адпаведнасці з агульнай еўрапейскай пазіцыяй непрызнання легітымнасці выніку прэзідэнцкіх выбараў».

Нікаля дэ Лякост з 18 кастрычніка прызначаны на пасаду спецыяльнага пасланніка па Беларусі. Праца амбасады ў Менску працягнецца.

Абноўлена
Амбасадар Францыі Нікаля дэ Лякост пакінуў Беларусь
2021.10.17 22:14

Французскае МЗС падкрэслівае, што Францыя працягвае падтрымліваць беларускі народ і выступаць за пошук палітычнага ўрэгулявання крызісу.

Пасол Францыі ў Менску Нікаля дэ Лякост пакінуў Беларусь у нядзелю 17 кастрычніка пасля аднабаковага рашэння беларускіх уладаў пра спыненне дзеяння акрэдытацыі, якую яму выдалі 31 жніўня 2020 году. У Менск таксама вярнулі амбасадара ў Парыжы Ігара Фясенку.

18 кастрычніка Нікаля дэ Лякост звярнуўся да беларусаў з развітальным словам.

«Дарагія сябры. Сёння я хацеў бы адправіць вам развітальнае пасланне. На жаль, мы з жонкай вымушаныя пакінуць Беларусь. Як вы ведаеце, Францыя не прызнала вынікі выбараў 9 жніўня 2020 году, і я не ўручыў свае даверчыя граматы, – гаворыцца ў пасланні. – Мы правялі тут цяжкія, але незабыўныя дні. Мы здзейснілі шмат цікавых і важных сустрэч і адкрыццяў. Мы з жонкай адкрылі для сябе шчодрасць і прыгажосць Беларусі і беларусаў. Вы заўсёды будзеце ў нашых сэрцах і думках. Ведайце, што мы будзем на вашым баку. Мы заклікаем вас не губляць надзею на лепшыя дні. Да хуткай сустрэчы!»

ГГ, belsat.eu

Стужка навінаў