Сітуацыя ва Украіне: ЗСУ наступаюць на поўдні і ўсходзе, праціўнік – у абароне


«Белсат» падводзіць вынікі 572-х содняў поўнамаштабнай вайны, распачатай Расеяй ва Украіне. Пра галоўныя падзеі станам на вечар 18 верасня чытайце ў нашым аглядзе.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Times of Ukraine / Telegram

Купянскі і ліманскі кірункі (паўночна-ўсходняя частка Харкаўскай вобласці, захад Луганскай і поўнач Данецкай)

На паўночным усходзе Украіны працягваецца адноснае зацішша.

Былая намесніца міністра абароны Украіны Ганна Маляр піша, што на купянскім кірунку Узброеныя сілы РФ засяроджаныя на пошуку слабых месцаў ва ўкраінскай абароне.

У гэты ж час на ліманскім кірунку працягваецца перагрупаванне войскаў РФ, наступальныя (штурмавыя) дзеянні з іх боку не праводзяцца.

У сваю чаргу ў Міністэрстве абароны РФ заявілі пра адбіццё двух атак праціўніка каля населенага пункту Дзіброва ў Краматорскім раёне Данецкай вобласці, а таксама на тэрыторыі Серабранскага лясніцтва ў Крэменскім раёне Луганскай вобласці.

Бахмуцкі кірунак (ваколіцы аднайменнага райцэнтру ў Данецкай вобласці)

Расейскі ваенкар Сямён Пегаў піша, што на паўночным флангу Бахмуту Збройныя сілы Украіны наступалі па трасе М-03 (звязвае Бахмут са Славянскам) у ваколіцах Арэхава-Васілеўкі, імкнучыся перахапіць ініцыятыву на гэтым участку фронту.

На поўдні ад гораду ЗСУ канчаткова замацаваліся ў сяле Клішчыеўка. Паводле ўкраінскага Генштабу, наступ у ваколіцах населенага пункту працягваецца. Імаверна, цяпер ЗСУ будуць намагацца прабіцца да сяла Вопытнае, каб атачыць Бахмут з поўдня.

Hавiны
Сітуацыя пад Бахмутам: ЗСУ вызвалілі Андрэеўку і зачышчаюць Клішчыеўку
2023.09.15 19:26

Адначасова з гэтым украінцы атакуюць у ваколіцах вызваленай Андрэеўкі, імкнучыся выбіць праціўніка з пазіцыяў каля чыгуначнай лініі на ўсход ад сяла.

У сваю чаргу расейцы контратакуюць на гэтым участку фронту, а таксама ніжэй, з ваколіцаў Курдзюмаўкі ў бок Белай Гары. Пакуль такія дзеянні не прыносяць ім поспеху.

Аўдзееўскі і мар’інскі кірункі (на поўначы і захадзе ад Данецку)

У Генштабе ЗСУ заявілі пра адбіццё 10 атак праціўніка ў горадзе Мар’інка і яго ваколіцах.

Пегаў піша, што таксама УС РФ намагаліся адбіць раней страчаныя пазіцыі ў Вопытным (на поўдні ад Андрэеўкі).

Пры гэтым самыя ўкраінцы атакавалі каля населеных пунктаў Вясёлае, Маёрск, Вадзяное і той жа Мар’інкі. Але паўсюль зменаў на лініі фронту не зафіксавана.

Бярдзянскі кірунак (лінія фронту на паўднёвым захадзе Данецкай вобласці, а таксама на ўсходзе Запарожскай)

Прарасейскі тэлеграм-канал «Воин DV» паведамляе, што цягам содняў украінскія вайскоўцы намагаліся заняць лесапаласу ў так званай шэрай зоне на ўсходзе ад сяла Уражайнае, але былі выяўленыя праціўнікамі, пасля чаго па гэтым раёне былі нанесеныя ўдары танкамі і артылерыяй.

Таксама на ўрэмаўскім выступе ЗСУ атакавалі на паўднёвым захадзе ад суседняга сяла Старамаёрскае, але поспеху не дасягнулі.

У расейскім батальёне «Восток» пішуць, што ў ваколіцах населеных пунктаў Новаданецкае і Новамаёрскае ўкраінцы пачалі ўмацоўваць абарону і мініраваць подступы да сваіх пазіцыяў.

Мэлітопальскі кірунак (лінія фронту ў Запарожскай вобласці)

На мэлітопальскім кірунку працягваецца наступальная аперацыя Збройных сілаў Украіны.

Паводле Ганны Маляр, украінцы маюць поспех на поўдні і ўсходзе ад сяла Работына ў Палогаўскім раёне Запарожскай вобласці і цяпер замацоўваюцца на новых пазіцыях.

Між тым Пегаў піша, што цягам содняў ЗСУ атакавалі каля суседніх сёлаў Навапрокапаўка і Вэрбовае, але прасунуцца не змаглі.

У выведцы Вялікай Брытаніі адзначаюць, што расейскае камандаванне перакінула на гэты ўчастак фронту тысячы сваіх дэсантнікаў для ўзмацнення 58-й агульнавайсковай арміі, якая дагэтуль панесла істотныя страты.

На іншых участках фронту адзначаюцца лакальныя пазіцыйныя баі, а таксама артылерыйскія абстрэлы ўздоўж лініі сутыкнення.

Ва ўмовах актыўных баявых дзеянняў журналісты не маюць магчымасці аператыўна правяраць афіцыйныя паведамленні ўдзельнікаў вайны.

Таццяна Міронава belsat.eu 

Стужка навінаў