Запалохванне, прапаганда і мілітарызм. Апублікаваная справаздача пра сітуацыю ў беларускіх школах пасля 2020 года


Школьная сістэма ў Беларусі накіраваная на фармаванне пакорлівага і лаяльнага ўладам чалавека: прапагандуецца правільнасць дзяржаўнага курсу, вучаць ставіцца да заходніх суседзяў як да ворагаў, навязваюць прарасейскую карціну свету, а найменшая праява іншадумства выклікае пагрозы і абразы. Пра гэта гаворыцца ў справаздачы «Правы дзяцей у Беларусі», падрыхтаванай Беларускім Хельсінкскім камітэтам. Звесткі для справаздачы збіраліся праз маніторынг адкрытых крыніцаў, а таксама ананімныя апытанні настаўнікаў, вучняў і іхных бацькоў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Міліцыянты Ленінскага РУУС Менску праводзяць урок кібербяспекі.
Фота: sb.by

«Патрыятычнае» выхаванне

Аўтары справаздачы адзначаюць, што пасля 2020 года ў школах усё больш увагі надаецца «патрыятычнаму» і «вайскова-патрыятычнаму» выхаванню. Тэарэтычна выхаванне падлеткаў у духу патрыятызму – цалкам нармальная мэта. Але ў сучаснай Беларусі «патрыятычнае выхаванне ёсць часткай сістэмы фармавання ў чалавека каштоўнасцяў, арыентаваных на вяршэнства дзяржавы і ўлады «моцнага».

«Патрыятычнае і ідэалагічнае выхаванне заснаванае на «адзіна правільным» гледзішчы ў адносінах дзяржавы і забараняе любую нязгоду з ёй», – падкрэсліваюць аўтары.

Адной з формаў такога выхавання ёсць прымусовы ўдзел школьнікаў у мерапрыемствах, на якіх наўпрост ці ўскосна дэманструецца падтрыманне рэжыму Лукашэнкі.

Рэспандэнты расказвалі аб фактах, калі адміністрацыі школаў проста падманвалі дзяцей: напрыклад, вучням прапаноўвалі пайсці ў кіно, тэатр, ускласці кветкі да помніка, а прыводзілі іх на мітынг, дзе раздавалі сцягі, значкі і фатаграфавалі. Прычым такія здымкі часта публікуюцца навучальнымі ўстановамі ў сваіх сацыяльных сетках без згоды бацькоў.

Hавiны
Прагляд выступу Лукашэнкі, дзяржаўны гімн і міліцыянты. Як прайшоў першы навучальны дзень у школах Беларусі
2021.09.01 15:45

Акрамя таго, школьнікаў прыцягваюць да ўдзелу ў канцэртах, прысвечаных выбарам, прымушаюць маршаваць пад патрыятычныя песні, насіць піянерскія гальштукі, шмат разоў выконваць гімн і калектыўна праслухоўваць прамовы Лукашэнкі.

Фармальна ад удзелу ў такіх мерапрыемствах можна адмовіцца, але, паводле рэспандэнтаў, потым на цябе будуць «крыва глядзець» і «трэтыраваць». Часам вучням пагражалі ацэнкамі «нездавальняюча» за паводзіны, праблемамі на экзаменах, або наадварот – заахвочвалі да ўдзелу ў праўладных мерапрыемствах добрымі адзнакамі.

«Важна разумець, што простых дакладных загадаў аб абавязковасці наведвання на самой справе няшмат. Уся справа якраз у тым, што выкарыстоўваюцца мяккія формы ціску. Сістэма пабудаваная на тым, каб адміністрацыя школы і настаўнікі выконвалі тое, што неабходна, без афіцыйных папераў і прамых загадаў, на аснове «ну вы ж разумееце». Такім жа чынам спрабуюць выхаваць і дзяцей – рабіць, што кажа старэйшы, аўтарытэт, і не патрабаваць ніякіх законных, фармальных абгрунтаванняў».

Мілітарызм: вайсковая форма, зброя і «позвы на фронт»

Аўтары справаздачы зазначаюць, што ў патрыятычным выхаванні ў «вялікай канцэнтрацыі прысутнічае мілітарысцкі наратыў», які будуецца вакол гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Прычым акцэнт робіцца на выхаванне культу сілы, цікавасці да вайны: дзецям надзяваюць вайсковую форму, даюць у рукі зброю, ствараюць ваенна-патрыятычныя лагеры і класы, водзяць у ціры, а напярэдадні 9 траўня ўручаюць сімвалічныя «позвы на фронт». Рэспандэнты апісваюць выпадак, калі сацыяльны педагог, які праводзіць патрыятычныя заняткі, абураўся, што «ніхто не жадае паміраць за радзіму», называў дзяцей «ніякімі грамадзянамі» і «дэбіламі». Дзяцей малодшага школьнага веку палохаюць тым, што «фашысты прачнуліся і могуць таксама прыйсці ў нашую краіну».

Здымак мае ілюстрацыйны характар. З восені 2021 года ў Беларусі пры падраздзяленнях унутраных войскаў, міліцыі і армейскіх частках пачалі ствараць вайскова-патрыятычныя клубы, дзе сілавікі вучаць «любіць радзіму» школьнікаў ад 7 да 17 гадоў.
Фота: mvd.gov.by

Школьнікам транслюецца наратыў, паводле якога «заходні свет» ёсць ворагам і пастаяннай ваеннай пагрозай для «нашага» (разам з Расеяй) свету. 37,7 % апытаных бацькоў і вучняў распавядалі, што пасля пачатку вайны ва Украіне ў школах ладзіліся адмысловыя інфармацыйныя мерапрыемствы, дзе вучням распавядалі пра «нацыстаў» ва Украіне і казалі, што Расея ўкраінцаў «вызваляе». Школьнікаў пераконваюць у мірным характары дзеянняў Беларусі, а расейскую агрэсію называюць «спецыяльнай ваеннай аперацыяй».

Але такі погляд на вайну ва Украіне падтрымліваюць далёка не ўсе настаўнікі. На думку некаторых рэспандэнтаў, большасць педагогаў у іхных навучальных установах супраць вайны. Апісваюцца выпадкі, калі настаўнікі адмаўляюцца паўтараць на класных гадзінах афіцыйную прапаганду і размаўляюць з вучнямі з гледзішча здаровага сэнсу або нават тлумачаць, чаму Беларусь ёсць саўдзельніцай агрэсіі.

Аналітыка
Праект Карпянкова. Як сілавікі заняліся ідэалагічным выхаваннем беларускіх дзяцей
2022.08.02 11:03

Размовы з сілавікамі і пагрозы

Аўтары справаздачы зазначаюць, што частку выхаваўчага працэсу бяруць на сябе прадстаўнікі органаў улады. У школах ладзяцца сустрэчы з міліцыянтамі, пракурорамі і амапаўцамі, мясцовымі дэпутатамі і чыноўнікамі, прадстаўнікамі праваслаўнай царквы. З гэтым сутыкаліся 54,5 % апытаных бацькоў і дзяцей.

Часта цэнтральная тэма такіх сустрэчаў – прапаганда правільнасці курсу рэжыму Лукашэнкі і фармаванне негатыўнага стаўлення да мірных пратэстаў 2020 года. Дзецям расказваюць, што бел-чырвона-белы сцяг – гэта нібыта сцяг нацыстаў, фашыстаў і экстрэмістаў, а тыя, хто якім-небудзь чынам з ім звязаны, таксама нацысты. На такіх сустрэчах фармуецца выключна станоўчае ўспрыманне Расеі як дзяржавы, якую неабходна падтрымліваць у «дэнацыфікацыі».

«Прыязджалі прадстаўнікі адміністрацыі Заводскога раёну, казалі, што будзе за тое, што мы выйдзем на мітынг, згадалі пра смяротнае пакаранне», – распавёў адзін з рэспандэнтаў.

Прадстаўнікі БПЦ рэгулярна праводзяць гутаркі з ключавым пасылам: «улада ад Бога, і пратэсты супраць улады – грэх».

Hавiны
«Апорныя кропкі каляровай рэвалюцыі». Пра што гаварылі Карпенка і Лукашэнка на рэспубліканскім педсавеце
2021.08.24 19:31

Адміністрацыі школаў і запрошаныя прадстаўнікі ўладаў пераконваюць дзяцей у тым, што «непаўналетнім нельга мець свайго меркавання, асабліва наконт палітыкі».

«За меркаванне аб прэзідэнту, дзяржаве і палітыцы ў цэлым, якое супярэчыць дзяржаўнай ідэалогіі, і за іх публічнае выказванне дзяцей абражаюць, пагражаюць крымінальнай адказнасцю да дзяцей або іхных бацькоў, пастаноўкай на ўлік, накіраваннем у дзіцячы дом, выключэннем са школы, звальненнем бацькоў, прадузята ставяцца ў межах навучальнага працэсу.

Апісаныя выпадкі, калі на сустрэчах з прадстаўнікамі сілавых структураў нязгодных і вучняў, якія выказвалі сваю пазіцыю, адразу выводзілі з залы і затым ладзілі гутарку з удзелам сілавікоў. Некаторыя бацькі і дзеці пішуць, што ў школе праглядаюць тэлефоны дзяцей з мэтаю кантролю іхнай пазіцыі і меркаванняў. Некаторыя настаўнікі пішуць, што ім даюць указанні маніторыць сацыяльныя сеткі дзяцей», – адзначаецца ў справаздачы.

«Выказваць сваё меркаванне абсалютна немагчыма: страшна», – адзначыў адзін з рэспандэнтаў.

Фіксуецца шмат выпадкаў прамых абразаў вучняў за выказванне ўласных думак:

«Я выказала сваё меркаванне супраць гвалту з боку праваахоўных органаў і за свабоду слова… на што мне настаўніца сказала, што я мярзотніца, каб я закрыла свой рот і ніколі яго больш не адкрывала».

«Настаўнік на ўроку абражаў і прыніжаў дзяцей, якія спрабавалі выказацца наконт палітычнай сітуацыі ў краіне. Казаў, што ўсе, хто не падтрымліваюць прэзідэнта, проста дурні. Што беларусы гэта насамрэч расейцы, бо Расея вялікая краіна».

Hавiны
«Нам трэба будзе перазагрузіць сістэму адукацыі». Лукашэнка заявіў, што школа не можа быць па-за палітыкай
2021.08.24 13:21

«Сацыяльная шызафрэнія»

Праваабаронцы адзначаюць, што школьнікам навязваюць прарасейскую парадыгму каштоўнасцяў, перашкаджаюць праяўленню нацыянальнай ідэнтычнасці і самасвядомасці. Пад забаронаю любое выкарыстанне нацыянальных сімвалаў і сімволікі Украіны. Рэспандэнты кажуць, што на ўроках нельга маляваць бел-чырвона-белы сцяг, герб Пагоню, сцяг Украіны, нельга насіць спалучэння белага з чырвоным або жоўтага і блакітнага, не дазваляецца танчыць пад украінскія песні. Паралельна ствараецца культ дзяржаўнай сімволікі, за яе выпадковае псаванне пагражаюць адказнасцю.

«Абвінавацілі ў непавазе да дзяржавы, калі дзіця ўпусціла падораную ў школе кнігу аб Рэспубліцы Беларусь», – кажа адзін з рэспандэнтаў.

Праваабаронцы адзначаюць, што адной з самых абуральных формаў здушэння свабоды слова і перакананняў дзіцяці ёсць пагрозы бацькам з-за пазіцыі дзіцяці або пагрозы дзецям з-за пазіцыі бацькоў.

«Рэспандэнты таксама адзначаюць, што не рэдкія выпадкі, калі настаўнікі і адміністрацыя школы разумеюць неправамернасць афіцыйных ідэалагічных установак і спрабуюць іх згладзіць, просяць дзяцей і іхных бацькоў устрымацца ад публічнага выказвання іншых меркаванняў, бо гэта кантралюецца «зверху». Такая сістэма фармуе ў дзіцяці свайго роду «сацыяльную шызафрэнію» – звычку да «двайнога свету», калі на самой справе ўсе ведаюць і разумеюць, як правільна, але робяць па-іншаму».

Апошнім часам новай формай ідэалагічнай працы з дзецьмі сталі мерапрыемствы дзеля азнаямлення вучняў з сістэмай крымінальнага правасуддзя. Напрыклад, школьнікаў вядуць на «экскурсіі» ў аддзяленні міліцыі, папраўчыя ўстановы, а таксама прыводзяць на суды над іхнымі аднагодкамі. Аднак такая практыка пакуль не атрымала шырокага распаўсюду – з ёй сутыкаліся адзінкі рэспандэнтаў.

Выхаванне пакорлівасці

Паводле праваабаронцаў, формы і метады выхавання, якія сістэмна выкарыстоўваюцца ў беларускіх школах, «непрымальныя і неадэкватныя з гледзішча міжнароднага стандарту права на адукацыю, бо не адпавядаюць мэтам адукацыі і, такім чынам, парушаюць права на адукацыю». Таксама парушаюцца канстытуцыйныя правы дзяцей адносна свабоды меркаванняў і сумлення, свабоды ад дыскрымінацыі і г. д.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Саша Альтэр

Пры гэтым аўтары справаздачы канстатуюць, што значная частка парушэнняў залежыць у тым ліку ад «творчага падыходу» адміністрацыі школаў і саміх настаўнікаў да выканання агульных даручэнняў «зверху». Школьная адміністрацыя пастаўленая ва ўмовы, калі яна разумее, што ад яе чакаецца дэманстрацыя лаяльнасці і гатовасць служыць, каб быць на добрым рахунку. Разам з тым, «нягледзячы на ​​амаль два гады жорсткіх рэпрэсіяў, у сістэме ўсё яшчэ застаюцца настаўнікі, гатовыя не ўдзельнічаць у непрафесійных і незаконных дзеяннях».

Праваабаронцы кажуць, што школьная сістэма ў прынцыпе настроеная на тое, што дзіця павінна ўсё прымаць і згаджацца з усім, што кажуць настаўнікі, нічога не абмяркоўваць і не разважаць.

«Гэта частка фармавання лаяльнага дзяржаве чалавека, якому «дзяржава дае ўсё», і таму можа з яго патрабаваць усяго, што ёй (дзяржаве) трэба», – рэзюмуюць аўтары.

«Пакаянныя відэа» і публічныя арышты

Праваабаронцы асобна апісваюць парушэнні правоў дзіцяці па-за межамі школьнай сістэмы – ідзецца пра пераслед дзяцей сілавікамі. Аўтары справаздачы канстатуюць, што практыка запісвання «пакаянных відэа», якія потым распаўсюджваюцца праўладнымі каналамі, выкарыстоўваецца і ў дачыненні падлеткаў: «На відэа бачна, што падлеткі дакладна напалоханыя – відавочна, на іх аказваўся псіхалагічны, а магчыма, і фізічны ціск».

Аналітыка
Ідзем у школу ўзмоцненага рэжыму. Чым адметны новы навучальны год у Беларусі
2021.09.01 10:00

На Гомельшчыне сілавікі сталі практыкаваць паказальныя затрыманні падлеткаў. За апошнія сем месяцаў міліцыя прынамсі тройчы арыштоўвала непаўналетніх дзяцей на вачах у аднагодкаў.

«Дзяцей збіраюць у актавай зале выканкаму або РАУС, прыводзяць падлетка, які падазраецца ў злачынстве, зачытваюць абвінавачанне, на падлетка надзяваюць кайданкі і выводзяць».

Публічныя затрыманні, у адрозненне ад «пакаянных відэа», не спалучаныя з палітыкай. Аднак праваабаронцы падкрэсліваюць, што такая практыка ў любым выпадку дэструктыўная і разбуральная.

Публічныя затрыманні і «пакаянныя» відэа не проста звязаныя з прыніжэннем і парушэннем правоў чалавека, але і здольныя нанесці цяжкую псіхалагічную траўму дзіцяці – прычым не толькі таму, хто зазнае экзекуцыі, але і таму, хто на гэта глядзіць.

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў