ЗСУ вызвалілі чарговае сяло на поўдні. Ці ўдасца замацавацца?


«Белсат» падводзіць вынікі 480-х содняў поўнамаштабнай вайны, распачатай Расеяй ва Украіне. Пра галоўныя падзеі станам на вечар 18 чэрвеня чытайце ў нашым аглядзе.

Цягам апошніх содняў Збройныя сілы Украіны працягнулі наступальныя аперацыі на поўдні і ўсходзе краіны, засяродзіўшы свае асноўныя намаганні на мелітопальскім, бярдзянскім і бахмуцкім кірунках у Данецкай і Запарожскай вобласцях.

Ранкам 18 чэрвеня з’явілася інфармацыя пра вызваленне ЗСУ сяла Пяціхаткі ў Васільеўскім раёне Запарожскай вобласці. Напярэдадні ўкраінскія вайскоўцы замацаваліся ў заходняй частцы населенага пункту, якая стала плацдармам для далейшага прасоўвання ў цэнтр і на ўсход. Тэлеграм-канал «Два майора» паведамляе, што калі пад кантролем украінскіх вайскоўцаў апынулася палова сяла, расейцы яго пакінулі. Пры гэтым сцвярджаецца, што за тры апошнія дні баёў за Пяціхаткі ЗСУ нібыта панеслі вялізныя страты ў жывой сіле, што ў першую чаргу звязана з дрэннай артылерыйскай падрыхтоўкай перад штурмам, а таксама з адсутнасцю дастатковай колькасці цяжкай тэхнікі. 

Hавiны
ЗСУ, імаверна, вызвалілі сяло Пятыхаткі ў Запарожскай вобласці
2023.06.18 17:46

Цяпер украінскі бок намагаецца замацавацца ў населеным пункце, падводзячы ў яго свае рэзервы. У гэты ж час расейцы наносяць масіраваныя артылерыйскія ўдары па раней пакінутых пазіцыях. Асобныя прарасейскія крыніцы называюць такую тактыку «гнуткай абаронай», таму не выключаюць контратакі войскаў РФ з далейшым выбіццём ЗСУ з сяла.

Між тым самое вызваленне Пяціхатак яшчэ не гарантуе ўкраінцам далейшага прасоўвання на поўдзень: сяло знаходзіцца ў нізіне адносна сваіх ваколіцаў, і пры гэтым з трох бакоў аточанае пазіцыямі расейцаў. Імаверна, у такой сітуацыі ЗСУ давядзецца дадаткова атакаваць на адным з флангаў, каб выбрацца з нізінаў і зрабіць гэты плацдарм больш бяспечным. Толькі пасля гэтага можна будзе працягнуць спробы прасунуцца на поўдзень.

Украінскае камандаванне пакуль не каментавала сітуацыю ў Пяціхатках.

Таксама на мелітопальскім кірунку працягваюцца баі на поўдні ад гораду Арэхаў. Расейскі ваенкор Сямён Пегаў піша, што 17 чэрвеня ЗСУ пачалі наступаць уздоўж трасы на Рабоціна, і бліжэй да ночы занялі некалькі пазіцыяў войскаў РФ. Але ўжо ўдзень 18 чэрвеня расейцы вярнулі раней страчаныя пазіцыі. Цяпер абодва бакі засяродзіліся на нанясенні артылерыйскіх удараў уздоўж лініі сутыкнення.

На бярдзянскім кірунку актыўнасць Збройных сілаў Украіны захоўваецца на так званым урэмеўскім выступе на стыку Данецкай і Запарожскай вобласцяў. Сямён Пегаў піша пра ўкраінскія атакі ў бок Роўнапалю. Адначасова з гэтым ЗСУ намагаліся перарэзаць мясцовую дарогу Роўнапаль – Старамаёрскае, каб пагоршыць лагістыку расейцаў, але поспеху не дасягнулі.

Акрамя гэтага Пегаў паведамляе пра поспехі ЗСУ на ўсходзе ад Ураджайнага. Імаверна, гаворка ідзе пра ранейшую інфармацыю аб выбіцці расейцаў з участку фронту паміж населенымі пунктамі Ураджайнае і Новаданецкае.

Разам з тым агулам на бярдзянскім кірунку назіраецца зніжэнне інтэнсіўнасці баявых дзеянняў.

На бахмуцкім кірунку працягваюцца баі на захадзе і паўночным захадзе ад Кляшчэеўкі. Аб прасоўванні ЗСУ цягам содняў не паведамляецца.

Разам з тым аналітыкі праекту Deepstate фіксуюць поспехі ўкраінскіх вайскоўцаў на аўдзееўскім кірунку каля Вясёлага (сяло ў ваколіцах Данецкага аэрапорту).

Аналітыка
Пра што сведчаць тэмпы контрнаступу ЗСУ? Тлумачым, што цяпер адбываецца на фронце 
2023.06.16 19:17

У сваю чаргу Узброеныя сілы РФ засяродзіліся на лакальных наступальных дзеяннях на ліманскім, бахмуцкім, аўдзееўскім і мар’інскім кірунках у Луганскай і Данецкай вобласцях. Па інфармацыі Генеральнага штабу Збройных сілаў Украіны, цягам содняў на вышэйзгаданых кірунках адбылося 26 баявых сутыкненняў.

Найцяжэйшая сітуацыя для ЗСУ захоўваецца ў пасёлку Белагораўка ў Севераданецкім раёне Луганскай вобласці, дзе працягваюцца цяжкія баі ў прамысловай зоне, а таксама ў горадзе Мар’інка ў Пакроўскім раёне Данецкай вобласці. Акрамя гэтага адзначаюцца лакальныя атакі УС РФ у ваколіцах Аўдзееўкі.

На іншых участках фронту сітуацыя застаецца адносна стабільнай: бакі канфлікту не праводзяць наступальных аперацыяў, засяродзіўшыся на абароне і нанясенні артылерыйскіх удараў па пазіцыях праціўніка.

Ва ўмовах актыўных баявых дзеянняў журналісты не маюць магчымасці аператыўна правяраць афіцыйныя паведамленні ўдзельнікаў вайны.

Таццяна Міронава belsat.eu 

Стужка навінаў