Сястра Рамана Бандарэнкі: Сям’я не ведае ніводнай асобы, якую падазравалі ці апытвалі як сведку


Генеральная пракуратара і Следчы камітэт Беларусі ігнаруюць расследаванне абставінаў забойства пратэстоўцы Рамана Бандарэнкі. Пра гэта ў эфіры ранішняй «Студыі «Белсат» раніцаю 18 чэрвеня заявіла стрыечная сястра забітага Вольга Кучарэнка.

«Сям’я не ведае ніводнай прыцягнутай асобы, якая падазравалася ці апытвалася як сведка нават таго, што гэтыя людзі там прысутнічалі, якія агучаныя ў расследаванні [«ByPol». – Заўвага рэд. Belsat.eu], – заявіла Вольга Кучарэнка. – Усяму свой час – праўда ўсё адно вылезе вонкі і справядлівасць запануе».

Вольга Кучарэнка таксама распавяла, што дасюль ёсць людзі, якія працягваюць падтрымліваць Рамана Бандарэнку, адведваць ягоную магілу.

Hавiны
Генпракуратура пацвердзіла прыпыненне справы Рамана Бандарэнкі
2021.09.17 13:10

11 лістапада 2020 года Рамана Бандарэнку затрымалі на плошчы Пераменаў пасля канфлікту з асобамі, якія зразалі стужкі. Мужчына сканаў у рэанімацыі Менскага шпіталю хуткай дапамогі, куды яго прывезлі пабітага ў цяжкім стане з Цэнтральнага РУУС. Раману быў 31 год.

17 верасня 2021 года Генпракуратура Беларусі заявіла, што расследаванне крымінальнай справы па факце смерці Рамана Бандарэнкі прыпыненае з прычыны нявысветленасці асобы, якая падлягае прыцягненню ў якасці абвінавачванага.

Hавiны
Следчыя «ByPol» агучылі імёны меркаваных забойцаў Рамана Бандарэнкі
2021.09.24 17:30

Пры гэтым ініцыятыва «ByPol» агучыла імёны меркаваных забойцаў Рамана Бандарэнкі. Былыя следчыя, якія сталі на бок народу, звярнуліся ў сваім расследаванні і да пракуратуры, якая прыпыніла расследаванне справы «з прычыны нявысветленасці асобы, якая падлягае прыцягненню ў якасці абвінавачванага».

«На гэты момант дакладна вызначана, што першы, хто ў вечар 11 лістапада 2020 года ўжыў у дачыненні Рамана фізічны гвалт, быў Дзмітрый Шакута. Другі такі падазраваны – баец СОБРу, старэйшы прапаршчык Яўген Ціманоўскі, які перад пагрузкаю Рамана ў службовы бус наўмысна стукнуў яго галавой аб зямлю. У кола падазраваных, безумоўна, належыць улучыць і ўсіх іншых прадстаўнікоў СОБРу, у службовым бусе якіх Раман правёў больш за 20 хвілінаў, да перадачы яго ў вельмі цяжкім стане амапаўцам. Гэта старэйшы групы – капітан Сяргей Сарман, кіроўца буса – старэйшы прапаршчык Сяргей Анцюфееў, а таксама прапаршчыкі Алег Буйкевіч і Раман Савенка», – кажа былы следчы Алег Талерчык.

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў