Ціханоўская абмеркавала трыбунал над Лукашэнкам з генеральнаю сакратаркаю Рады Еўропы Марыяй Пэйчынавіч-Бурыч


Святлана Ціханоўская сустрэлася з генеральнаю сакратаркаю Рады Еўропы Марыяй Пэйчынавіч-Бурыч. Яны абмеркавалі крокі для ўключэння дэмакратычнай супольнасці Беларусі ў Раду Еўропы і яе асобныя праграмы.

Святлана Ціханоўская сустрэлася з генеральнаю сакратаркаю Рады Еўропы Марыяй Пэйчынавіч-Бурыч.
Фота: Офіс Святланы Ціханоўскай

У межах Кантактнай групы паміж Радай Еўропы і дэмакратычнай супольнасцю Беларусі ўжо зрэалізаваны праект у падтрыманне незалежных журналістаў. Праца групы будзе пашырацца. У чэрвені запланаваная наступная яе сустрэча. Таксама ў найбліжэйшы час адбудуцца мерапрыемствы для беларускіх юрыстаў, адвакатаў, моладзі.

Ціханоўская таксама распавяла Марыі Пэйчынавіч-Бурыч пра супрацу з Венецыянскай камісіяй, навучальныя візіты для беларускіх юрыстаў і адвакатаў, абмен досведам у рыхтаванні законаў для Новай Беларусі.

Абраная прэзідэнтка Беларусі абмеркавала з генеральнай сакратаркаю Рады Еўропы апошнюю справаздачу НАУ аб хаўрусніцтве Лукашэнкі ў незаконным вывазе ўкраінскіх дзяцей з акупаваных Расеяй тэрыторыяў Украіны. Ціханоўская адзначыла, што правядзенне міжнароднага расследавання і стварэнне трыбуналу над Лукашэнкам ёсць прыярытэтам для дэмакратычных сілаў.

Акрамя таго, беларуская лідарка падкрэсліла, што ўваход Беларусі ў Раду Еўропы ёсць стратэгічным прыярытэтам для дэмакратычных сілаў Беларусі.

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў