Беларусы чацвёрты квартал запар выносяць валюту з банкаў. Куды яе дзяваюць?


Апошні раз валюты на банкаўскіх дэпазітах паболела ў другім квартале 2022 года. З тае пары яны няспынна памяншаюцца. Ад леташняга ліпеня да сёлетняга траўня з банкаў забралі валюты на 404 млн долараў (мінус 11%). Чаму беларусы выносяць валюту з банкаў і куды яна дзяваецца, «Белсат» спытаў у эканамісткі Настассі Лузгіной.

БСБ банк, банкомат, обменник, белорусские банки, деньги, сбережения, финансы
Мужчына мяняе валюту ў абменным пункце «БСБ банку». Менск, Беларусь. 25 ліпеня 2022 года.
Фота: Белсат

Паводле звестак Нацбанку на 1 траўня, фізічныя асобы трымалі на тэрміновых дэпазітах 6 млрд 878 млн рублёў і 3 млрд 416 млн долараў. Грошы на валютных укладах бесперапынна змяншаюцца з леташняга ліпеня: мінус 404 млн долараў, або 11%. Рублёвыя дэпазіты за гэты час выраслі больш, чым на 1 млрд рублёў (плюс 19%).

Акрамя таго, з леташняга ліпеня стаў змяншаецца агульны лік беларусаў, якія трымаюць грошы на тэрміновых укладах. Гэты паказнік скарачаецца праз тое, што беларусы больш актыўна закрываюць валютныя дэпазіты, чымся адкрываюць рублёвыя.

Калі ў ліпені ў Беларусі было 1,114 млн укладчыкаў (648 тысячаў – рублёвых, 466 тысячаў – валютных), то цяпер – 1,075 млн (658 тысячаў – рублёвых, 417 тысячаў – валютных). Агульны лік скараціўся на 3,5%; рублёвых укладчыкаў паболела на 1,5%, валютных – паменела на 10,5%.

Старэйшая навуковая працаўніца даследчага цэнтру BEROC Настасся Лузгіна растлумачыла «Белсату», што валюту выносяць з дзвюх прычынаў: нізкія стаўкі і камісія за абслугоўванне валютных рахункаў.

«Тэрміновыя валютныя дэпазіты з пачатку года скараціліся больш, чым на 4%. І летась такая ж тэндэнцыя была. Яны проста не выгадныя. Больш за тое, акрамя таго, што стаўкі нізкія, некаторыя банкі ўводзяць абмежаванні: калі вялікая сума ў валюце, то яны яшчэ і камісію нейкую ўводзяць», – адзначыла Лузгіна.

Каментар
Беларускім банкам не патрэбныя «замежныя» грошы. Чаму?
2023.05.08 08:11

Што беларусы найчасцей робяць з валютаю, забранай з дэпазітаў, можна толькі гадаць, бо такой статыстыкі не вядзецца. Суразмоўца «Белсату» мяркуе, што частка грошай канверсуецца і вяртаецца ў банкі ўжо на рублёвыя ўклады, аднак сумы тут невялікія.

«Ёсць рост рублёвых дэпазітаў, з пачатку года – на 7,9%, аднак трэба разумець, што гэта ж з улікам адсоткаў, якія налічваюцца на гэтыя дэпазіты. Каля паловы ад прыросту з пачатку года забяспечана налічэннем адсоткаў, што застаюцца на рахунках», – патлумачыла эканамістка.

Акрамя таго, часткова валюта, што забіраюць з банкаў, можа ісці проста на спажыванне. Гэтыя два шляхі пацвярджае статыстыка куплі-продажу валюты фізічнымі асобамі: «Насельніцтва цяпер выступае чыстым прадаўцом валюты. Людзі прадаюць валюты болей, чымся купляюць. І ў красавіку больш прадалі, чымся ў сакавіку».

Каментар
У Беларусі гатоўкі ў абарачэнні паболела за 15 месяцаў на 59 %
2023.04.17 19:58

Ускосна пра дзеянні беларусаў з валютаю можа казаць і афіцыйная статыстыка шырокай грашовай масы. Ад пачатку года гатоўкі ў абароце паболела на 15% да 7 млрд 918 млн рублёў, грошай на пераводных дэпазітах фізічных асобаў (гэта сродкі на картках і бягучых рахунках) павялічылася на 7,5% да 4 млрд 882 млн рублёў.

«Рост гатоўкі – не вельмі добрая тэндэнцыя. Рэгулятары заўсёды імкнуцца, каб павялічыць долю безнаяўных грошай. Наяўныя больш складана кантраляваць, складана тады адсачыць аперацыі. Такая тэндэнцыя, хутчэй за ўсё, нашаму Нацбанку не падабаецца», – заўважыла Лузгіна.

Яна падкрэсліла, што на паказнік гатоўкі ў абароце ўплывае таксама рост прыбытку беларусаў. Грошы маюцца, а што з імі рабіць – не ведаюць:

«Людзі атрымліваюць грошы, але няма куды ўкладвацца, няма інструментаў, якія сёння задавальнялі б, каб людзі гатовыя былі камусьці аддаць гэтыя грошы. Прыбытковасць не перакрывае рызыкаў, што цяпер існуюць».

Рэгулятар паступова зніжае стаўку рэфінансавання, каб зрабіць больш таннымі і даступнымі крэдыты, аднак адначасова зніжаецца і прыбытковасць дэпазітаў. Таму і рублёвыя ўклады становяцца менш прывабнымі, падсумавала экспертка.

Аналітыка
Як беларусы распараджаліся банкаўскімі ўкладамі на фоне пандэміі, пратэстаў і вайны
2023.02.03 07:00

Сяргей Крот belsat.eu

Стужка навінаў