Праваабаронцы прызналі вязнямі сумлення яшчэ 21 чалавека


Бабруйскі ІЧУ.
Фота: nash-dom.info

Беларускія праваабаронцы выступілі з супольнаю заяваю, у якой абвесцілі імёны людзей, якія з гэтага дня маюць статус палітзняволеных, паведамляе «Вясна»:

«У сувязі з інфармацыяй пра ўзяцце пад варту, выстаўленне абвінавачванняў і вынясенне прысудаў паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу («Групавыя дзеянні, што груба парушаюць грамадскі парадак») Андрэю Драбатовічу, Вадзіму Якубоўскаму, Сяргею Сакуну, Дзмітрыю Абрамуку, Уладзіміру Талатынніку, Аляксею Бараноўскаму, Вадзіму Свінтэцкаму, Сяргею Гадыеву, Аляксею Сузько, Уладзіміру Панфіленку, Даніілу Скіпальскаму, Паўлу Двораку, Віталю Кузьменку, Юрыю Бандарэнку, Валерыю Вішчаніну, Аляксандру Міронаву, а таксама паводле ч. 2 арт. 293 КК («Масавыя беспарадкі») Антону Сотнікаву, Артуру Аміраву, Яўгену Прывалаву, Сяргею Волкаву, Раману Паўленку, яшчэ раз пацвярджаючы пазіцыю, выкладзеную ў супольнай заяве праваабарончай супольнасці ад 10 жніўня 2020 года, адзначаем наступнае:

«Свабода мірных сходаў гарантаваная артыкулам 21 Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах. Гэтая свабода не падлягае ніякім абмежаванням, акрамя ўсталяваных законам і неабходных у дэмакратычных краінах з мэтамі гарантавання нацыянальнай і грамадскай бяспекі, грамадскага парадку, аховы здароўя і маральнасці насельніцтва ці абароны правоў і свабодаў іншых асобаў».

Праваабаронцы патрабуюць неадкладна вызваліць гэтых і ўсіх астатніх палітычных зняволеных.

Паводле супольнай заявы праваабарончага цэнтру «Вясна», РГА «Прававая ініцыятыва», цэнтру прававой трансфармацыі «Lawtrend», Беларускага дакументацыйнага цэнтру, Беларускага ПЭН-цэнтру, РПГА «Беларускі Хельсінкскі камітэт», Беларускай асацыяцыі журналістаў, кансультацыйнага цэнтру ў актуальных міжнародных практыках ды іх імплементацыі ў праве «Human Constanta» ды «Ініцыятывы FORB» цяпер у Беларусі 397 палітычных вязняў.

МГМ, belsat.eu (edited)

Стужка навінаў