Міжнародны конкурс «World Press Photo 2024» назваў чацвярых галоўных пераможцаў


Штогадовы фотаконкурс «World Press Photo» абвясціў 18 красавіка галоўных пераможцаў у чатырох намінацыях. У 2024 годзе на конкурс былі дасланыя 61 062 здымкі ад 3851 фатографа са 130 краінаў. Сёлета перамаглі працы, звязаныя з тэмамі вайны на Блізкім Усходзе і ва Украіне, а таксама эміграцыі і дэменцыі.

Фатаграфія года

Фатограф з сектару Газа Мугамэд Салем зняў жанчыну, якая абдымае цела сваёй пляменніцы. Здымак перамог у намінацыі «Photo of the Year».

Інас Абу Маамар калыша цела сваёй пляменніцы, пяцігадовай Салі, якая загінула разам з маці і сястрой падчас ізраільскага ракетнага ўдару па іхным доме ў Хан-Юнісе, сектар Газа.
Фота: Mohammed Salem / World Press Photo

Гісторыя года

Працы фатографкі з Паўднёвай Афрыцы Лі-Эн Алвахэ з серыі «Valim-babena» пра хворага на дэменцыю Даду Паўля з Мадагаскару перамаглі ў намінацыі «Photo Story of the Year». Больш глядзіце на сайце WWP.

Паўль Ракатазандрыні (Дада Паўль) і ягоная ўнучка Адліятэмікс рыхтуюцца да паходу ў царкву. Мужчына жыве з дэменцыяй ужо 11 гадоў. Большую частку гэтага часу ягоная сям’я лічыла, што ён звар’яцеў, ці тлумачыла сімптомы ўжываннем алкаголю. Толькі ягоная дачка Фара заўважыла змены ў ім, працягваючы даглядаць бацьку. Антанарыву, Мадагаскар. Фота: Lee-Ann Olwage / World Press Photo
Фара Рафаранір’яна ідзе ў царкву ў нядзелю раніцай са сваёй дачкой Адліятэмікс і бацькам Дадам Паўлем у Антанарыву, Мадагаскар. Фота: Lee-Ann Olwage / World Press Photo
Фара назірае, як Дада Паўль чысціць рыбу, пакуль ягоныя пальцы дрыжаць, але мужчына лічыць, што ўсё яшчэ можа справіцца з гэтай задачай. Антанарыву, Мадагаскар. Фота: Lee-Ann Olwage / World Press Photo
Дада Паўль сядзіць побач з фатаграфіяй сваёй памерлай жонкі. Ён часта забывае пра яе смерць і блытае сваю дачку Фару з жонкай. Антанарыву, Мадагаскар. Фота: Lee-Ann Olwage / World Press Photo

Доўгатэрміновы праект

Працы, якія зрабіў венесуэльскі фатограф Алеханда Сэгара з праекту «The Two Walls» пра міграцыйную палітыку ЗША і Мексікі, перамаглі ў намінацыі «Long-Term Project Award». Больш глядзіце на сайце WWP.

Мужчына пераходзіць паміж вагонамі грузавога цягніка ў П’едрас Нэграс, Мексіка. Мігранты і асобы, якія шукаюць прытулку і не маюць фінансавых сродкаў, каб заплаціць кантрабандысту, часта выкарыстоўваюць грузавыя цягнікі, каб дабрацца да мяжы ЗША. Такі від транспарту вельмі небяспечны для саміх людзей праз рызыку сарвацца з цягніка і ўпасці на рэйкі. Тысячы іншых сталі ахвярамі вымагальніцтва, згвалтаванняў, выкраданняў або рабаванняў, арганізаваных наркакартэлямі або карумпаванымі ўладамі на розных прыпынках уздоўж маршруту цягніка. Фота: Alejandro Cegarra / World Press Photo
Сям’я Дэ Кота пазуе для партрэту на грузавым цягніку, што накіроўваецца ў Сьюдад-Хуарэс. Фота было зробленае за тры дні да заканчэння тэрміну дзеяння раздзелу 42, захады прафілактыкі COVD-19 у ЗША, якая фактычна дазваляла дэпартаваць мігрантаў без разгляду просьбаў аб прытулку. З 2020 года мытнай і памежнай службай ЗША былі высланыя больш за два мільёны мігрантаў у адпаведнасці з раздзелам 42. Фота: Alejandro Cegarra / World Press Photo
Рубэн Сота (справа), мігрант з Венесуэлы, сядзіць з Розай Бэлай, мігранткай з Гандурасу, на вяршыні грузавога цягніка ў мястэчцы Самаляюка, Мексіка. Рубэн і Роза пазнаёміліся ў Мексіцы і закахаліся па дарозе ў ЗША. Фота: Alejandro Cegarra / World Press Photo
Мігранты выкарыстоўваюць самаробную лесвіцу, каб падняцца на ўчастак памежнай сцяны з ЗША з дапамогай кантрабандыста ў Сьюдад-Хуарэс, Мексіка. Фота: Alejandro Cegarra / World Press Photo

Адкрыты фармат

Праект украінскай фатографкі Юліі Кочэтавай пад назвай «War is Personal» пра вайну ва Украіне перамог у намінацыі «Open Format Award». Цалкам праект глядзіце тут.

Навабранец 68-й егерскай брыгады падчас вучэнняў у Данецкай вобласці каля лініі фронту. Гэта падраздзяленне вызваліла сяло Благадатнае – адзін з першых населеных пунктаў, адбітых падчас контрнаступлення ЗСУ. Фота: Julia Kochetova / World Press Photo
Целы трох расейскіх вайскоўцаў знойдзены ў вёсцы Вільхіўка пасля яе адваявання ЗСУ Украіны, у Харкаўскай вобласці. 9 траўня 2022 года. Фота: Julia Kochetova / World Press Photo
Пажылая жанчына хаваецца пад коўдрай падчас эвакуацыі з Ірпіня, Украіна. 8 сакавіка 2022 года. Фота: Julia Kochetova / World Press Photo
Вайсковец Данііл Мельнік, які ў баях і палоне страціў канцавіны. Фота: Julia Kochetova / World Press Photo

Працы пераможцаў рэгіянальнага этапу можна паглядзець тут.

Андрэй Шаўчэнка belsat.eu

Стужка навінаў