У Маладзечне два падлеткі перасылалі адзін аднаму парнаграфію. Ім пагражае да 8 гадоў калоніі


У Маладзечне два 16-гадовых вучня каледжа перасылалі адзін аднаму парнаграфію, у тым ліку дзіцячую. Супраць падлеткаў завялі крымінальную справу. Ім пагражае ад 3 да 8 гадоў калоніі, паведамляе ўпраўленне ўнутраных справаў Менскай вобласці.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Pexels / Pixabay

Адзін хлопец знайшоў спасылку на воблачнае сховішча з сотнямі файлаў парнаграфічнага зместу, у тым ліку з выявамі дзяцей і падлеткаў, ды пераслаў гэтую спасылку сябру. Пасля яны спампоўвалі фота і відэа на свае смартфоны ды перасылалі адзін аднаму ў мэсэнджары.

Як паведамляецца, выпадкі распаўсюду дзіцячай парнаграфіі выявілі аператыўнікі аддзялення наркакантролю і супрацьдзеяння гандлю людзьмі Маладзечанскага РАУС. Якім менавіта чынам у іх гэта атрымалася, улічваючы, што распаўсюд абмяжоўваўся дзвюма асобамі, не ўдакладняецца.

Хлопцы патлумачылі, што абменьваліся файламі дзеля забавы. Іхныя тэлефоны сканфіскаваныя.

Следчыя палічылі дзеянні падлеткаў «распаўсюдам з выкарыстаннем інтэрнэту парнаграфічных матэрыялаў з выяваю заведама непаўналетняга». Фігурантам пагражае штраф і ад 3 да 8 гадоў калоніі.

Сяргей Крот belsat.eu

Стужка навінаў