«Рыхтаванне да чагосьці мярзотнага». Змены ў закон аб медыях сталіся рэакцыяй на мэм пра 3 %


Палата прадстаўнікоў у першым чытанні ўхваліла змены ў закон аб медыях. Чакаюцца новыя забароны, новыя абмежаванні і пашырэнне паўнамоцтваў Лукашэнкі ў гэтай сферы. «Белсат» спытаў у намесніка кіраўніка БАЖ Барыса Гарэцкага ды публіцыста Севярына Квяткоўскага пра наступствы заканадаўчай навацыі.

Журналіст падчас працы на пратэснай акцыі. 1 верасня 2020.
Фота: Белсат

Якія менавіта змены хочуць унесці ў закон аб СМІ, цяперашнія ўлады не кажуць. Паведамлялася толькі, што дакумент дэталізуе патрабаванні да ўладальнікаў інтэрнэт-медыяў, удакладняе правілы дзейнасці замежных СМІ, вызначае прававы статус агрэгатараў навінаў і ўладальнікаў такіх рэсурсаў.

Крыху падрабязнасцяў раней раскрыла дэпутатка Лілія Ананіч. У сваім Telegram-канале яна пісала, што дзякуючы папраўкам можна будзе «адэкватна і аператыўна рэагаваць на дэструкцыйныя працэсы ў СМІ і інтэрнэт-прасторы». Фактычна ўзаконьваюцца рэпрэсіі супраць журналістаў замежных медыяў.

«Істотныя навацыі прапануюцца і ў плане сіметрычнага адказу на магчымыя выпады недружалюбных краінаў у дачыненні беларускіх медыяў», – паведаміла Ананіч. Дзяржаўная інфармацыйная ўстанова БелТА пра гэта напісала так: «Замацоўваецца магчымасць прыняцця зваротных захадаў у дачыненні замежных сродкаў масавай інфармацыі, інтэрнэт-рэсурсаў, журналістаў замежных сродкаў масавай інфармацыі».

Фота: ТК / Belsat.eu

Таксама медыям забароняць распаўсюджваць «інфармацыю грамадска-палітычнага характару ў перыяд электаральных кампаніяў ад імя арганізацыяў, што ладзяць сацыялагічныя даследаванні без адпаведнай акрэдытацыі», заявіла Ананіч журналістам і згадала пры гэтым мэм пра 3 %.

«Мы памятаем гэтую сітуацыю, калі славутыя 3 % выкарыстоўваліся для маніпулявання грамадскай свядомасцю», – сказала дэпутатка.

Паводле яе, Аляксандр Лукашэнка атрымае права «ўхваляць асаблівасці рэгулявання прававых дачыненняў у інтэрнэт-прасторы».

Агулам новаўвядзенні «накіраваныя на забеспячэнне канстытуцыйнага права грамадзянаў на атрыманне поўнай і дакладнай інфармацыі ды на абарону нацыянальных інтарэсаў і нацыянальнай бяспекі».

«Ніжэй за падлогу ўпасці нельга»

Намеснік старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў Барыс Гарэцкі ў размове з «Белсатам» назваў планаваныя змены касметычнымі.

«Не зразумела, дзеля чаго цяпер уносіць гэтыя змены, калі ў Беларусі ніякае заканадаўства цяпер не працуе. І калі ў сілавікоў ёсць неабходнасць закрыць ці арыштаваць, або яшчэ штосьці зрабіць з медыя, з сайтам, з выданнем – яны карыстаюцца любымі магчымасцямі, не звяртаючы ўвагі ні на якія законы. Сур’ёзных зменаў гэты закон не можа выклікаць, бо калі нешта ўжо ўпала на падлогу, яно ўжо не можа ўпасці ніжэй», – сказаў Гарэцкі.

Ён звярнуў увагу, што журналістам замежных медыяў і раней было, мякка кажучы, няпроста акрэдытавацца ў Беларусі, а страціць акрэдытацыю – наадварот, вельмі лёгка:

«Беларусь ужо даўно не дае акрэдытацыі ніякім замежным медыям. А калі ты проста незалежны журналіст, то і цяпер без усякіх законаў малаверагодна, што атрымаеш акрэдытацыю».

Hавiны
Закон аб медыях у Беларусі хочуць падагнаць пад «праваўжывальную практыку»
2023.04.07 13:47

Што тычыцца рэгулявання агрэгатараў навінаў, то расейскія «Яндекс» ды Mail.ru і без таго ўжо стэрыльныя, а да замежных рукі не дацягнуцца:

«Міжнародныя агрэгатары накшталт «Google» наўрад ці пойдуць на нейкія змены ў сваёй палітыцы, нават недзяржаўныя выданні не могуць там нейкіх сваіх прапановаў прасунуць. На блакаванне «Google» ўлады Беларусі наўрад ці пойдуць».

Барыс Гарэцкі падсумаваў, што ўсе змены, унесеныя апошнім часам у закон аб медыях, – абмежавальныя. Наступным крокам будзе або забарона YouTube, Facebook ды Instagram, або «нармальны дэмакратычны закон аб абароне інфармацыі, што будуць ухваляць ужо ў новай Беларусі пасля перамогі дэмакратыі».

«Вялікая імітацыя для Лукашэнкі»

Змена закона аб медыях – псіхалагічнае заспакаенне для атачэння Лукашэнкі, мяркуе публіцыст і літаратар Севярын Квяткоўскі. Ён сказаў карэспандэнту «Белсату», што ўсе правы і без таго ў Беларусі растаптаныя:

«Ну, якія законы? Яны і так растапталі ўсе магчымыя правы. Само паняцце закону фактычна знішчанае. Гэта хутчэй псіхалагічнае самазаспакаенне, бо незалежная журналістыка зруйнаваная, усе, хто не баіцца паказаць свой твар і сваё прозвішча, працуюць з-за мяжы».

Квяткоўскі адзначыў, што «тыя, хто круцяцца вакол Лукашэнкі, ствараюць вялікую-вялікую імітацыю адмыслова для яго».

«Яны да чагосьці рыхтуюцца, да чагосьці глабальна мярзотнага. Гэты закон – гэта проста плюс да таго, што яны ўжо нарабілі супраць грамадзянскай супольнасці, супраць грамадзянаў», – падсумаваў суразмоўца «Белсату».

Hавiны
У Беларусі сапраўды задумалі забараніць «прапаганду ЛГБТ» у медыях
2023.04.18 14:03

Марына Яновіч, Сяргей Крот belsat.eu

Стужка навінаў