Расея зноў атакавала тэрыторыю Украіны дронамі і ракетамі


Увечары 17 сакавіка Расея бамбіла цывільныя аб’екты дронамі, а раніцай 18 сакавіка нанесла ракетны ўдар.

Паводле камандавання Паветраных сілаў ЗСУ, усяго ўвечары 17 сакавіка расейцы запусцілі 16 дронаў-камікадзэ «Shahed-136/131». З іх 11 былі знішчаны сіламі супрацьпаветранай абароны. Атака ўкраінскай тэрыторыі ажыццяўлялася з двух напрамкаў – з усходняга ўзбярэжжа Азоўскага мора і з Бранскай вобласці РФ.

У зводцы Генеральнага штабу даецца іншая лічба: запушчана 11 дронаў, а 10 з іх знішчана. «Адзін, на жаль, патрапіў у аб’ект прамысловай інфраструктуры. На шчасце, абышлося без ахвяр сярод мірнага насельніцтва», – падкрэслілі ў Генштабе.

«Шахеды» трапілі ў аб’ект крытычнай інфраструктуры ў Новамаскоўске Днепрапятроўскай вобласці. На прадпрыемстве ўспыхнуў магутны пажар – ратавальнікі працягваюцца змагацца з агнём дагэтуль.

«Там сур’ёзныя разбурэнні», – паведаміў старшыня Днепрапятроўскай абласной дзяржаўнай адміністрацыі Сяргей Лісак.

Пры гэтым Лісак кажа пра два прылёты дронаў, а не адзін, як паведамілі ў Генштабе.

Раніцай 18 сакавіка стала вядома пра ракетны ўдар па гораду Запарожжа.

«Ракеты С-300 былі накіраваныя на тэрыторыю аднаго з жылых комплексаў. Снарады патрапілі ў адзін з абʼектаў гэтага комплексу. Выбухной хваляй і абломкамі пашкоджаны размешчаныя побач жылыя шматкватэрныя дамы: фасады, вокны, дахі«, – паведамляе Запарожская абласная вайсковая адміністрацыя.

Сакратар Запарожскай гарадской рады Анатоль Курцеў сцвярджае, што расейская ракета разбурыла ўстанову грамадскага харчавання. Пацярпелых няма.

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў