Прайшлі Ірак і Афганістан, але загінулі ва Украіне. Распавядаем пра журналістаў, якія сталі ахвярамі вайны


За першыя тры тыдні вайны ва Украіне загінулі як мінімум пяць журналістаў. Яны выконвалі свае прафесійныя абавязкі і хацелі распавесці праўду пра вайну і расейскую агрэсію ўсяму свету. Забітыя тры ўкраінскія журналісты і два замежныя, якія працавалі для амерыканскага і брытанскага медыя-рэсурсу.

Распавядаем пра гэтых смелых прафесіяналаў, якія прайшлі розныя зоны канфліктуі, але загінулі ва Украіне, асвятляючы вайну.

Ілюстрацыйны здымак.
Фота: 9111.ru

Яўген Сакун, тэлеаператар «KievLive». Загінуў 1 сакавіка ў выніку абстрэлу тэлевежы ў Кіеве.

У першы дзень вясны расейскія войскі двойчы абстралялі тэлевышку ў раёне Дарагожычаў у Кіеве, тады загінулі 5 чалавек. Адным з іх аказаўся журналіст Яўген Сакун. Мужчына быў тэлеаператарам «KievLive».

Забіты журналіст Яўген Сакун. Калаж: оlga.bondarchuk / Facebook / Белсат

Ён стаў першым забітым журналістам падчас баявых дзеянняў ва Украіне, загінуў, асвятляючы расейскае ўварванне.

«Ад рук фашысцкіх акупантаў загінуў першы журналіст!» – напісаў дарадца кіраўніка МУС Антон Герашчанка.

Пасля смерці журналіста кіраўнік Нацыянальнага звязу журналістаў Украіны Сяргей Таміленка напісаў, што ў холдынгу гатовыя дапамагаць з пахаваннем, надаць падтрымку родным, але «пакуль ніякіх кантактаў з імі няма». Ці ўдалося звязацца са сваякамі забітага, не ўдакладняецца. Паведамляецца, што кватэра аператара ў сталіцы была замкнёная, а суседзяў або не было, або яны нічога не ведаюць.

«Яўгену – 49 гадоў, свой дзень нараджэння ён святкаваў роўна за месяц да пачатку вайны, якую развязаў Пуцін», – дадаў Таміленка.

Віктар Дудар, журналіст газеты «Экспресс». Загінуў 3 сакавіка пад Мікалаевам.

Наступным журналістам, які загінуў ад расейскай агрэсіі стаў 44-гадовы Віктар Дудар са Львоўскай вобласці. Ён загінуў падчас баявых дзеянняў пад Мікалаевам.

«Падчас баёў з расейскімі захопнікамі пад Мікалаевам загінуў журналіст з Львоўшчыны Віктар Дудар. Яшчэ ў першы дзень вайны, 24 лютага, Віктар пайшоў у ваенкамат, каб у складзе Узброеных сіл абараняць Украіну», – напісаў Сяргей Таміленка.

Журналіст Багдан Куфрык, калега і сябар загінулага, распавёў, што больш за 10 гадоў Віктар Дудар працаваў штатным журналістам газеты «Экспресс». У свой час ён пераехаў у Львоў з Букавіны.

Забіты журналіст Віктар Дудар.
Фота: Sergiy Tomilenko / Facebook

У 2014–2015 гадах Віктар Дудар пайшоў добраахвотнікам ваяваць на перадавую на Данбас, пазней стаў рэзервістам і працаваў у газеце «Экспресс», дзе да апошняга дня займаўся журналісцкімі расследаваннямі і асвятляў ваенную тэматыку, узгадвае Куфрык.

Жонка загінулага, таксама журналістка Аксана Дудар, распавяла, што ейны муж пайшоў абараняць Украіну ў першыя ж гадзіны пасля ўварвання расейскіх войскаў.

«Памятаю, як у 5:30 яго разбудзіла: “Уставай! Пачалася вайна!” Ён абняў моцна, сказаў, што ўсё будзе добра. Сабраў заплечнік, патэлефанаваў некалькім сябрам і паехаў у частку», – напісала ўдава журналіста ў сацсетках.

Апошнія паведамленні перапіскі Аксаны з Віктарам.
Фота: Kai Pfaffenbach/REUTERS /Agencja FORUM

Як журналіст, які спецыялізуецца на ваенных справах, Віктар лічыў, што расейскае ўварванне ва Украіну было непазбежнае, кажа Аксана.

Сувязь з Віктарам знікла за дзень да ягонай гібелі. Неўзабаве найгоршыя здагадкі жонкі Аксаны пацвердзіліся: салдаты і святар пагрукаліся ў дзверы.

«Проста сказалі: “Ваш муж – герой”. Больш ім нічога не трэба было казаць», – узгадвае Аксана.

Удава Аксана і 21-гадовая дачка Сафія на пахаванні Віктара Дудара.
Фота: Claire Harbage / NPR

«Пасля такіх вялікіх страт і роспачы, якія абрынуліся на нашу краіну, у нас няма іншага выбару, акрамя як перамагчы. Для тых, хто загінуў, мы павінны перамагчы», – кажа Аксана Дудар.

Брэнт Рэно, кінадакументаліст і былы журналіст «The New York Times». Забіты 13 сакавіка на блокпосце ў Ірпіні ў Кіеўскай вобласці.

У горадзе Ірпінь у Кіеўскай вобласці 13 сакавіка расейскія вайскоўцы стрэлам у галаву забілі 51-гадовага амерыканскіага кінадакументаліста Брэнта Рэно (Brent Renaud).

Акрэдытацыя загінулага Брэнта Рэно. Калаж: Белсат

Раней Брэнт Рэно супрацоўнічаў з «The New York Times». Выданне пацвердзіла інфармацыю аб яго гібелі. У сваёй заяве «The New York Times» адзначыла, што Брэнт Рэно многія гады працаваў на газету, але ва Украіне быў не з рэдакцыйным заданнем.

«Мы глыбока засмучаныя весткай аб гібелі Брэнта Рэно. Брэнт быў таленавітым фатографам і рэжысёрам, які супрацоўнічаў з “The New York Times” раней», – напісаў у Twitter намеснік галоўнага рэдактара Кліф Лэві.

Часопіс «Time» паведаміў, што Брэнт Рэно ва Украінет працаваў над праектам «Time Studios» аб глабальным крызісе ўцекачоў.

«Расейскія бандыты забілі яго ў Ірпіні. Забілі жорстка – прастрэлілі галаву», – напісала ў фэйсбуку генпракурор Ірына Вэнэдыктава.

На сайце IMDB сказана, што Брэнт Рэно разам з братам Крэйгам здымалі фільмы ў зонах канфліктаў, у тым ліку ў Іраку і Афганістане. Ягоныя працы адзначаныя прэстыжнымі ўзнагародамі.

Брэнт Рэно і ягоны брат Крэйг.
Фота: infobae.com

Пасля забойства Брэнта Рэно журналістам закрылі ўезд у Ірпінь.

П’ер Закшэўскі, фотажурналіст і аператар «Fox News». Загінуў 15 сакавіка недалёка ад Кіева падчас абстрэлу машыны. Разам з ім загінула ўкраінская журналістка Аляксандра Куўшынава. Яна дапамагала арыентавацца ў горадзе і размаўляць з крыніцамі.

55-гадовы ветэран «Fox News» П’ер Закшэўскі (Pierre Zakrzewsk) і 24-гадовая ўкраінская журналістка Аляксандра Куўшынава загінулі, калі аўтамабіль, у якім яны ехалі, трапіў пад абстрэл у Горанцы, што пад Кіевам. 39-гадовы брытанскі журналіст «Fox News» Бэнджамін Гол (Benjamin Hall) і бацька траіх дзяцей, які быў з імі ў адной машыне, паранены і дастаўлены ў шпіталь.

П’ер Закшэўскі (справа) і Аляксандра Куўшынава (у цэнтры).
Фота: dailymail.co.uk

Журналіст «Fox News» Лукас Томлінсан апублікаваў апошняе паведамленне, якое ён атрымаў ад П’ера:

«Я буду прыкладаць намаганні, каб пра гэта як мага больш гаварылі па тэлевізары, каб дапамагчы ўкраінцам усімі магчымымі спосабамі. Працягвайце ўсміхацца. П’ер».

Закшэўскі быў фатографам зоны ваенных дзеянняў, які асвятляў амаль усе міжнародныя гісторыі для «Fox News», ад Іраку да Афганістану і Сірыі падчас сваёй працяглай супрацы з выданнем.

«П’ер быў фатографам зоны ваенных дзеянняў, які асвятляў амаль усе міжнародныя гісторыі для “Fox News”», – напісала генеральная дырэктарка «Fox News Media» Сузэн Скот (Suzanne Scott).

Яна дадала, што Закшэўскі працаваў ва Украіне з лютага і базаваўся ў Лондане.

П’ер Закшэўскі (злева) і Аляксандра Куўшынава (у цэнтры). Скрыншот: «Fox News»

Скот таксама адзначыла, што Закшэўскі адыграў вызначальную ролю ў эвакуацыі афганскіх пазаштатных супрацоўнікаў «Fox» і іх семʼяў з Афганістану пасля вываду войскаў ЗША.

«П’ер Закшэўскі быў абсалютнай легендай у гэтай галіне, і яго страта разбуральная. Ён быў прафесіяналам, журналістам і сябрам. Мы тут, на канале “Fox News”, хочам выказаць нашыя найглыбейшыя спачуванні жонцы Пʼера, Мішэль, і ўсёй ягонай сямʼі. Пʼеру Закшэўскаму было ўсяго 55 гадоў, і мы ўжо сумуем па ім», – сказаў вядоўца «Fox News» Біл Гэмэр у эфіры ў аўторак, 15 сакавіка.

Закшэўскі стаў другім замежным журналістам, які загінуў пры асвятленні вайны ва Украіне.

Гендырэктарка «Fox News» Сузэн Скот, паведамляючы работнікам тэлеканалу аб гібелі Аляксандры Куўшынавай, сказала, што «Сашы было ўсяго 24 гады, і яна працавала кансультанкай “Fox” ва Украіне. Яна дапамагала здымачным групам арыентавацца ў Кіеве і яго наваколлях, збіраючы інфармацыю і маючы зносіны з крыніцамі. Яна была неверагодна таленавітая і тыднямі працавала напрамую з усёй камандай “Fox News”. Cаша працавала дзень і ноч, каб упэўніцца, што ўвесь свет ведае пра тое, што адбываецца ў яе краіне».

Аляксандра Куўшынава.
Фота: sotrue.voice / Instagram

Аляксандра Куўшынава працавала прадзюсаркай, фатографам і валанцёркай. Родам з Кіева, вучылася ў Кіеўскім нацыянальным універсітэце імя Тараса Шаўчэнкі, таксама вывучала камп’ютарныя навукі ў Гарвардскім універсітэце. У 2017 годзе працавала прэс-сакратаром у Міністэрстве аховы здароўя Украіны.

У яе профілі ў Instagram напісана: «Гаворачы простымі словамі, як голас незалежнай Украіны. Цяпер – FOX News».

АД belsat.eu

Стужка навінаў