Пракурор запрасіў для Ігара Банцэра паўтара года «хіміі»


У судзе Ленінскага раёну Горадні распачалося чарговае судовае паседжанне ў справе музыкі Ігара Банцэра, які трымае сухое галадаванне ўжо 16 дзён.

Людзі прыйшлі ў суд падтрымаць Ігара Банцэра 18 сакавіка.
Фота: belsat.eu

Сведка, міліцыянт Віталь Канюшка, праз якога паседжанне адклалі на тыдзень, так і не з’явіўся на суд.

За час галадавання Ігар вельмі схуднеў. Ён выглядае бадзёра, але ўсхвалявана. Голас асіп.

«Яны крычалі, што я п’ю з «таўчка», каб зрабіць з мяне «пеўня». Але такога не было! Яны хочуць, каб я «ўскрыўся», але не дачакаюцца», – крычаў Банцэр, пакуль людзі заходзілі ў судовую залу.

Падчас паседжання Ігар падаў хадайніцтва аб замене медыкаў, якія яго даследуюць, на дактароў не з турмы. Але яго адхілілі.

«У аўторак турэмны медык сказаў, што калі я буду страчваць прытомнасць, мяне абколюць наркотыкамі. Калі буду адмаўляцца ад прымусовага кармлення – з мяне зробяць «гародніну». Я галадоўку не спыню і раблю хадайніцтва, каб мяне даследавалі медыкі не з турмы», – сказаў Банцэр падчас працэсу.

Пракурор запрасіў для Ігара паўтара года «хіміі», а таксама змяніць меру стрымання на падпіску аб нявыездзе, але Ігар не пагадзіўся.

«Я не змянюся. Я застануся Банцэрам. Таму прашу даць мне тры гады рэальнай калоніі», – сказаў Банцэр падчас спрэчак.

У сваім апошнім слове Ігар зачытаў «Апалогію Сакрата».

Прысуд агучаць заўтра, 19 сакавіка, а 10:30.

АД, belsat.eu

 

Стужка навінаў