З часу апошняй аблавы на сем’і палітвязняў з Беларусі вывезлі больш за 35 чалавек


З часу апошняй аблавы на сем’і палітвязняў служба эвакуацыі BySol вывезла з Беларусі больш за 35 чалавек, паведаміў «Нашай Ніве» яе кіраўнік Андрэй Стрыжак.

Прэс-канферэнцыя па тэме палітвязняў і дапамогі іх сем’яў. На здымку – Андрэй Стрыжак, прадстаўнік BYSOL. Варшава, Польшча. 9 лютага 2024 года.
Фота: Міра Ляселішская / Белсат

«Пасля таго, як сілавікі пайшлі па сваяках палітвязняў, адбыўся ўсплёск. За гэтыя тры тыдні было вывезена больш за 35 чалавек. А калі глядзець на статыстыку, то ва ўмоўна спакойным часе цягам трох тыдняў было б чалавек 10-15», – кажа Андрэй Стрыжак.

Ён вылучыў пэўныя асаблівасці апошняй хвалі эвакуацыі. Адна з іх у тым, што сярод эвакуяваных было «шмат людзей, якія яшчэ раніцай былі ўпэўненыя, што ў іх жыцці нічога не змянілася, а ўжо вечарам былі на эвакуацыйнай трасе».

«То-бок у людзей банальна не было часу, каб падрыхтавацца і нармальна сабрацца. Іншая спецыфіка складалася з таго, што было шмат эвакуацый семʼямі. Людзі былі вымушаныя зʼязджаць як з малымі дзецьмі, так і са старымі бацькамі», – адзначыў Стрыжак.

Праз гэта была вялікая разбежка па ўзросце эвакуяваных: самым маладым – менш за 10 гадоў, самым дарослым – больш за 60.

Hавiны
«Наша Ніва»: студзеньская аблава на сваякоў палітвязняў закранула нашмат больш людзей, чым меркавалася
2024.02.14 13:05

Падчас масавага рэйду сілавікоў напрыканцы студзеня пад пераслед трапілі сама меней 257 чалавек, большасць з іх – жанчыны. З пачатку лютага пад судовы пераслед за паводле арт. 24.15 КаАП трапілі прынамсі 65 чалавек, паведамляюць праваабаронцы.

Прычынай стала дапамога ў выглядзе прадуктовых перадач, якую сем’і палітвязняў атрымлівалі праз Е-дастаўку ад ініцыятывы INeedHelpBY. Многія затрыманыя падчас аблавы – непублічныя пажылыя жанчыны, не сваякі палітвязняў і не грамадскія актывісты, яны проста дапамагалі тым ці іншым чынам.

Характэрнай рысай стала тое, што многім затрыманым не вярнулі пашпартоў – імаверна для таго, каб людзі не маглі легальна выехаць з краіны і баяліся размаўляць з праваабаронцамі ды медыя.

Рэпартаж
Праваабаронцы: Студзеньскі хапун – «новае дно». Але падтрымку рэпрэсаваных не спыняць
2024.02.10 09:04

Ася Саковіч belsat.eu

Стужка навінаў