Беларусаў хочуць растварыць у «расейскім моры». Гісторык – пра агульныя падручнікі гісторыі Беларусі і Расеі


Беларусь і Расея дамовіліся стварыць супольныя падручнікі гісторыі для школаў і ўніверсітэтаў. Што ў іх будзе – пакуль не зразумела, але пэўныя намёкі ёсць. Са словаў амбасадара Расеі ў Беларусі Барыса Грызлова, мае быць створаная беларуска-расейская камісія ў сферы гісторыі. Гэта нібыта важна, бо «да гэтага часу ёсць розначытанні ў разуменні вельмі важных падзеяў і ў гісторыі Савецкага Саюзу, і ў гісторыі яшчэ Расейскай імперыі».

«Цяпер мы дамовіліся аб тым, што мы будзем гэтыя падзеі разглядаць з адзінага пункту гледжання», – сказаў Грызлоў, не ўдакладніўшы, ці паўплывае беларускі бок на расейскае разуменне гісторыі Расейскай імперыі.

Што гэта будзе за падручнік і якое месца там будзе займаць сапраўдная гісторыя Беларусі? Навошта беларускі і расейскі рэжымы пішуць агульную гісторыю? Ці ёсць пагроза, што беларусы растворацца ў Расеі і Беларусь перастане існаваць? Пра гэта мы паразмаўлялі з гісторыкам Аляксандрам Пашкевічам.

Гісторык Аляксандр Пашкевіч. Крыніца: mostmedia.io

«Праз гэтыя сумесныя падручнікі будзе прасоўвацца расейскі погляд на гісторыю»

Як вы, прафесійны гісторык, ставіцеся да такога напісання адной гісторыі на дзве дзяржавы? Якім у такім падручніку будзе месца сапраўднай гісторыі Беларусі і імперскай Расеі? 

– Не варта мець ілюзіяў адносна таго, як могуць выглядаць сумесныя беларускія ініцыятывы з Расеяй, скіраваныя на ўніфікацыю чаго-небудзь, якой бы сферы яны ні тычыліся. Звычайна толькі гаворыцца пра тое, што будуць распрацоўвацца нейкія сумесныя падыходы, але на практыцы гэта азначае фактычны пераход беларусаў на нешта расейскае. Гаворым пра манетарнае аб’яднанне і сумесную валюту – але на практыцы гэта азначае пераход Беларусі на расейскі рубель і нічога іншага. Гаворым пра ўніфікацыю падатковага, мытнага ці якога іншага заканадаўства – таксама нібыта пра распрацоўку нейкіх сумесных дакументаў, на самай жа справе фактычна на Беларусь мусяць пашырыцца адпаведныя расейскія кодэксы.

Тое ж самае і з сумеснымі ініцыятывамі ў галіне гістарычнай памяці і гістарычнай адукацыі. Не можа тут быць ніякага раўнапраўя ў прынцыпе, і ніякага сапраўднага ўзгаднення пазіцый не будзе. Праз гэтыя сумесныя падручнікі, калі яны сапраўды з’явяцца, будзе проста прасоўвацца расейскі погляд на гісторыю, хіба што толькі трошкі разбаўлены беларускім рэгіяналізмам. Таму ж Вялікаму Княству Літоўскаму пэўнае месца будзе прысвечанае, але ў духу канцэпцыі «заходнерусізму», калі перадусім будзе звяртацца ўвага на тыя моманты ягонай гісторыі, якія збліжаюць беларусаў з Расеяй.

А вось усё тое, што беларусаў ад Расеі аддаляла, будзе ці прамінацца ўвагай, ці ацэньвацца як выключна негатыўная з’ява. Цяжка, напрыклад, уявіць, каб у такім падручніку нейкую пазітыўную ці прынамсі нейтральную ацэнку атрымалі Берасцейская царкоўная ўнія 1596 года або, напрыклад, паўстанне 1863–1864 гадоў і асоба Кастуся Каліноўскага. Затое дзейнасць асобаў накшталт Георгія Каніскага ці розныя падзеі, якія рэальна мелі (ці якім, прынамсі, можна прыпісаць) характар змагання супраць «польскіх паноў і літоўскіх феадалаў», будзе падкрэслена ў такіх падручніках прысутнічаць.

Ці будуць гэтыя падручнікі стварацца на ўзор тых, якія былі ў СССР?

– Тут сапраўды можна правесці паралелі з тым, што раней існавала пры СССР: гісторыя Расеі будзе ў цэнтры, а беларускае калі і будзе разглядацца, то толькі на яе фоне. Аднак калі савецкая ідэалогія ўсё ж дапускала крытычнае стаўленне да расейскага самадзяржаўя і ў яе рэчышчы быў магчымы пазітыўны разгляд дзеячаў кшталту Кастуся Каліноўскага праз адсоўванне на задні план нацыянальнага і антырасейскага чыннікаў у ягоным светапоглядзе і акцэнтаванне ўвагі на сацыяльным, то ў новай сітуацыі гэтага, відавочна, не будзе. Усё, што не ўпісваецца ў канцэпцыю адзінага і недзялімага з пракаветных часоў «рускага свету», будзе ці замоўчвацца, ці шальмавацца.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

У Беларусі і Расеі розныя вытокі стварэння дзяржаўнасці, палітычнага мыслення. Ці рэальна аб’яднаць у адно гісторыю ВКЛ і Залатой Арды?

– Праблема не ў аб’яднанні як такім, аб’яднаць можна што заўгодна. У рэшце рэшт, у той жа Еўропе нямала сучасных народаў, якія не ўвесь перыяд сваёй гісторыі знаходзіліся ў складзе адной і той жа дзяржавы, фармаванне розных іх частак цэлымі стагоддзямі праходзіла ў розных умовах. І гэта зусім не замінае пісаць агульную гісторыю Польшчы, Украіны, Румыніі ці яшчэ якіх іншых краінаў. Таму, у прынцыпе, усё можна, і вялікіх складанасцяў няма.

Праблема ж у нашым выпадку не ў тым, што немагчыма аб’яднаць гісторыю Беларусі і Расеі тэхнічна, а ў тым, што пад уплывам ідэалагічным матываў адна частка гісторыі будзе свядома заганяцца ў пэўнае пракрустава ложа, каб больш суадносіцца з іншай. То бок тут ад пачатку закладаецца неабходнасць яе скажэння ці нават фальсіфікацыі.

Ёсць вельмі шмат спрэчных старонак у расейскай гісторыі, датычных яе імперскага і савецкага мінулага, ролі Масквы і Крамля ў лёсе беларускага народу. На вашую думку, як яны будуць ацэньвацца? 

– Відавочна, любыя спрэчныя пытанні будуць вырашацца на карысць Масквы і Крамля. Не будзе такога, што беларускія і расейскія гісторыкі сядуць і пачнуць думаць, як бы гэта нам упісаць у наш агульны наратыў Беларускую Народную Рэспубліку, каб яна выглядала больш-менш станоўча. Усё будзе ацэньвацца скрозь прызму інтарэсаў імперыі, а беларускі антураж у «супольнай гісторыі» будзе падбірацца так, каб ён ім не супярэчыў.

Спрэчныя для беларусаў пытанні перастануць такімі быць, калі яны няспрэчныя для расейцаў, неадназначнасць жа застанецца толькі ў тых выпадках, калі яна была і ёсць для абодвух народаў.

Трэба сказаць, што ў многіх выпадках рэжыму Лукашэнкі не трэба будзе ісці на вялікія маральныя ахвяры, паколькі, напрыклад, наконт той жа Другой сусветнай вайне і раней асаблівых разыходжанняў у рыторыцы беларускага і расейскага рэжымаў не было. Як і наконт БНР, Каліноўскага, Рэчы Паспалітай, Чарнобыльскай катастрофы і іншага. Раней проста да ўсяго гэтага існавала меншая ўвага з самага верху, і таму пры не зусім татальным кантролі ў гэтай сферы і перыядычных «адлігах» можна было штосьці цішком альтэрнатыўнае прапіхваць. Ці, прынамсі, супрацьстаяць задуманаму кімсьці выкіданню ці змяненню нечага, калі не было непасрэднага загаду гэта рабіць зверху.

Мне, напрыклад, вядомыя выпадкі, калі доўгі час беларускім гісторыкам з патрыятычнымі поглядамі на нізавым ці сярэднім узроўні ўдавалася адбіваць спробы русафільскіх дзеячаў прапхнуць у падручнікі трактоўку вайны 1812 года як «айчыннай», выкінуць з іх партрэт Кастуся Каліноўскага ці іншыя падобныя выпадкі. Цяпер жа, падобна на тое, такія магчымасці могуць калі не знікнуць увогуле, то зменшыцца да самага мінімуму.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Viktor Drachev / TASS / Forum

На вашую думку, ці будзе нейкі супраціў беларускіх гісторыкаў у камісіі расейскаму погляду падчас стварэння такога падручніка?

– Залежыць ад таго, як гэтая камісія будзе фармавацца і хто з беларускага боку ў яе ўвойдзе. Нават сярод тых гісторыкаў, якія падтрымліваюць лукашэнкаўскі рэжым, далёка не ўсе жадаюць поўнага зліцця беларускіх гістарычных наратываў з расейскімі. Прыгадаем хоць бы Ігара Марзалюка, выказванні якога супраць «еўразійства» нядаўна выклікалі бурную дыскусію ў колах праўладных блогераў і прапагандыстаў. І ён такі там не адзін. Таму думаю, што калі праца гэтай камісіі ўвогуле будзе прадугледжваць нейкія дыскусіі, то нейкія пярэчанні, відаць, будуць, хоць не ўсё будзе выплюхвацца вонкі. Калі ў гэтую камісію будуць «камандзіравацца» нейкія навукоўцы з Інстытуту гісторыі НАНБ, то не думаю, што ім таксама будзе надта падабацца ламанне ўсяго таго, над чым яны самі працавалі гадамі і дзесяцігоддзямі. І яны могуць чамусьці ў пэўных абставінах запярэчыць.

Іншая рэч, што адкрыта змагацца за нацыянальны погляд на гісторыю ва ўмовах цяперашняй таталітарызацыі рэжыму нават персанальна небяспечна. І не кожны на гэта наважыцца, нават калі сам будзе вельмі незадаволены. Гэты фактар таксама трэба разумець і ўлічваць. Тым больш калі зразумела, што асноўныя рашэнні прымаюцца не на ўзроўні гэтай камісіі.

Мэта рэжыму – апраўдаць свае дзеянні і дэманізаваць апанентаў

Чаму рэжымы Лукашэнкі і Пуціна вырашылі ўзяцца за напісанне сваёй версіі гісторыі? Якія пагрозы гэта нясе?

– Яны робяць тое, што ў большай ці меншай ступені робяць любыя аўтарытарныя кіраўнікі. Любыя палітыкі, якія знаходзяцца пры ўладзе доўга і ўтрымліваюць яе недэмакратычным шляхам, стараюцца перапісаць гісторыю пад сябе. А патрэбна ім гэта для таго, каб праз гісторыю набыць дадатковую ці хоць бы якую легітымнасць і апраўдаць свае не заўсёды папулярныя дзеянні.

Вось той жа рэжым Лукашэнкі, страціўшы падтрымку насельніцтва і ўтрымаўшы ўладу ў 2020 годзе толькі праз брутальны гвалт, мусіць жа неяк апраўдваць і ў сваіх вачах, і ў вачах паплечнікаў ды прыхільнікаў, і ў вачах сусветнай супольнасці неабходнасць гэтых сваіх крокаў? Чаму ён не мог тады проста сысці і перадаць уладу сваім апанентам? А вось таму, што сама папярэдняя тысячагадовая хада гісторыі нібыта вяла да такой формы ўладкавання дзяржаўнасці, якую стварыў Лукашэнка. Калі ж прыйдуць да ўлады ягоныя апаненты, то яны спіхнуць народ і краіну з іх натуральнага шляху развіцця, і гэта будзе катастрофа. Маўляў, я не таму лютую і ўсіх запраторваю ў асфальт, што мне хочацца асабістай улады, а таму, што чую галасы продкаў, якія ў сне моляць напрацоўкі, якія рабіліся многімі пакаленнямі цягам стагоддзяў, зберагчы і развіць.

Для пацвярджэння гэтага і ствараецца своеасаблівая версія гісторыі, дзе ёсць спрадвечныя хцівыя і падступныя заходнія ворагі, якія заўсёды вялі супраць беларусаў падкопы і нікуды не дзеліся і сёння. Адначасова праз гісторыю дэманізуюцца апаненты ўлады, якія недвухсэнсоўна праз розныя маніпуляцыі ідэйна звязваюцца, напрыклад, з нямецкімі нацыстамі ці з паланізатарамі Заходняй Беларусі міжваенных часоў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Olga Maltseva / AFP / East News

Тое ж самае і ў Пуціна: ён праз уласную версію гісторыі шукае апраўданні сваёй экспансіянісцкай палітыцы, а заадно таксама абгрунтоўвае неабходнасць свайго вечнага кіравання, бо гэта, маўляў, гістарычная місія.

Можа быць, беларускім гісторыкам і навукоўцам у выгнанні варта ўжо пісаць альтэрнатыўныя падручнікі гісторыі Беларусі для кожнага класу?

– Вядома, варта рабіць супрацьдзеянне тым антыбеларускім крокам, якія робяць улады, і тыя ж самыя падручнікі пісаць можна. Іншая рэч, што адным толькі механічным стварэннем такой альтэрнатывы праблему не вырашыш, бо, у адрозненне ад уладаў, мы не маем і не будзем пры захаванні статус-кво мець доступу да сістэмы адукацыі. Асноўная праблема ж насамрэч не ў тым, што расейска-беларускія падручнікі будуць створаныя, а ў тым, што іх могуць зрабіць абавязковымі для выкарыстання ў школах і ВНУ, а нейкая альтэрнатыва ім у афіцыйным адукацыйным працэсе будзе сурова карацца.

Таму, не адмаўляючы самога напісання альтэрнатыўных падручнікаў як адной з формаў супрацьдзеяння мерапрыемствам рэжыму, лічу, што ўсё ж такі не варта паддавацца спакусе «адлюстроўвання» яго дзеянняў, не трэба спрабаваць, як цяпер модна казаць, яго груба «касплэіць». Нашай зброяй мусяць быць крэатыўныя падыходы, азнаямленне моладзі з сапраўднай гісторыяй праз сучасныя платформы, дзе яна праводзіць вольны час. Калі гістарычную прапаганду двух недэмакратычных рэжымаў яна будзе спажываць неахвотна і пад прымусам, а нашую ёй альтэрнатыву – з уласнай волі і з цікавасцю, то можна будзе казаць, што задача выкананая. Але, вядома, рабіць гэта вельмі цяжка, асабліва ва ўмовах, калі рэжым практыкуе ўсё новыя вынаходкі, каб адсячы людзей ад альтэрнатыўнай інфармацыі ці знеахвоціць яе шукаць.

Ці можна сказаць, што Расея такім чынам хоча ўмяшацца ў фармаванне нацыянальнай ідэнтычнасці беларусаў, схіліць яе ў бок расейскасці? Вайну ва Украіне тут можна ўспрымаць як трыгер такога працэсу, у тым сэнсе, што расейцы страцілі ўкраінцаў і цяпер не хочуць такога ж дапусціць з беларусамі. Ці можа гэта прывесці да таго, што беларусы растворацца ў расейцах, а Беларусь як самастойная дзяржава ў выніку перастане існаваць і стане «Паўночна-заходнім краем»?

– Вядома, для гэтага ўсё і робіцца – каб у перспектыве канчаткова згладзіць адметнасці беларусаў і ператварыць іх у звычайных расейцаў, растварыць у «расейскім моры». І памкненні да гэтага пачаліся зусім не сёння. Украінская вайна і ўдзел у ёй рэжыму Лукашэнкі сталі хутчэй не трыгерам як такім, але фактарам, які развязаў рукі расейскім імперцам і дазволіў ім рабіць тое, што яны даўно хацелі, ды не было адпаведных умоваў. Рэжым у апошнія некалькі гадоў стаў надзвычай залежным ад Крамля і паціху здае часткі суверэнітэту ў самых розных сферах, культурна-гістарычная – не выключэнне.

Адносна таго ж, ці дасягнуць расейцы ў гэтым урэшце поспеху – то думаю, што поўнага не, усё ж такі раней шмат гадоў зерне сеялася, і яно дало свой плён. Як паказвае сусветная практыка, для таго, каб цалкам асіміляваць нейкі народ і вынішчыць у ім нацыянальныя адметнасці ва ўсіх праявах, трэба метадычна ўздзейнічаць на яго цэлымі пакаленнямі, не даючы нават падняць галавы. З наскоку маральна знішчыць дашчэнту ў кароткія тэрміны нават моцна зрусіфікаваны народ, які перад тым больш за 30 гадоў меў самастойную дзяржаву з якой-ніякой, але ўсё ж такі крыху адрознай ад Расеі гістарычнай і культурнай палітыкай, яўна немагчыма. Але ў той жа час можна нанесці яму вельмі шмат шкоды, вынікі якой пасля давядзецца вельмі доўга разграбаць. І чым даўжэй цяперашні стан будзе працягвацца, тым выніковая сітуацыя будзе горшая.

Саша Гоман belsat.eu

Стужка навінаў