«Я чакаў, што навесяць тэрарызм». Вынесены завочны прысуд Уладзіміру Астапенку: 5 гадоў


Намесніку кіраўніка Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Уладзіміру Астапенку вынесены завочны прысуд: 5 гадоў пазбаўлення волі і 500 базавых велічыняў штрафу (18 500 рублёў). Пры гэтым ён трапіў пад амністыю, і тэрмін скарацілі на год, паведаміла Генпракуратура. У каментары «Белсату» Астапенка адзначыў, што на ягоную дзейнасць гэта не паўплывае: «Толькі больш злымі будзем, і будзем працаваць».

Намеснік кіраўніка Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Уладзімір Астапенка. Варшава, Польшча. 23 верасня 2022 года.
Фота: Ян Лісіцкі / Белсат

Генпракуратура на сваім сайце паведаміла, што ў судзе Савецкага раёну Менску агучылі вырак намесніку кіраўніка Народнага антыкрызіснага ўпраўлення, колішняму амбасадару Беларусі ў Аргентыне Уладзіміру Астапенку. Яму прысудзілі 5 гадоў пазбаўлення волі і штраф 18 500 рублёў (500 базавых велічыняў).

Таксама на 5 гадоў яго пазбавілі права працаваць на пасадах, «звязаных з выкананнем арганізацыйна-распарадчых і адміністрацыйна-гаспадарчых абавязкаў».

Маёмасць Астапенкі – зямельны надзел і садовы дом – пакінулі пад арыштам «у кошт забеспячэння выканання прысуду ў частцы выплаты штрафу».

Пры гэтым тэрмін зняволення скарацілі на адзін год дзякуючы амністыі, абвешчанай да Дня народнага адзінства.

Астапенку судзілі паводле артыкулу «Крадзеж шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі».

«Толькі больш злымі будзем»

У размове з «Белсатам» Уладзімір Астапенка адзначыў, што пра судовае пасяджэнне яму не паведамлялі і нават фармальна на працэс не выклікалі:

«Я адмыслова гэта кантраляваў. Ні пісьмова, ні электронна, ні па тэлефоне. Відаць, у іх новыя інструкцыі, таму яны не лічаць сябе абавязанымі паведамляць. Канкурэнтнае справаводства ім не патрэбнае».

Астапенка ведаў адваката, якога прызначала дзяржава, але звязацца з ім не атрымалася: «Атрымаў інфармацыю ад ананімнай крыніцы, што запланаваны суд і нават падказалі, хто будзе маім адвакатам. Я паспрабаваў з ім зкантактавацца, у адказ – цішыня».

Намеснік кіраўніка НАУ прызнаўся, што чакаў абвінавачванняў не толькі ў крадзяжы:

«Я чакаў, што навесяць тэрарызм, экстрэмізм, абразу Лукашэнкі, заклік да санкцыяў, – нічога не зрабілі. Яны мяне пакінулі вось з гэтым раскраданнем і далей не пайшлі. І высоўвацца зараз і крычаць, што я не злодзей, сэнсу няма. А вось тое, што ў вачах сістэмы я не стаў экстрэмістам, – гэта, мабыць, кепска».

Уладзімір Астапенка падкрэсліў, што вінаватым сябе не лічыць, бо ўсё, што ён зрабіў, – гэта дзеля эканоміі бюджэту. Абскарджваць прысуд не плануе: «Сэнсу няма ніякага».

Hавiны
У суд накіравалі справу былога амбасадара Беларусі ў Аргентыне Уладзіміра Астапенкі
2023.01.17 18:08

Сяргей Крот belsat.eu

Стужка навінаў