Беларускія ратавальнікі вярнуліся з Турцыі, дзе дапамагалі з наступствамі землятрусу


Беларускі атрад спецыяльнага прызначэння «ЗУБР» завяршыў сваю місію ў Турцыі і вярнуўся ў Беларусь, паведаміла прэс-служба МНС. Частка ратавальнікаў прыбыла яшчэ 16 лютага, а астатнія – раніцай 18 лютага.

Беларускія ратавальнікі вярнуліся з Турцыі. Скрыншот з відэа: mchs112by / Telegram

Атрад «Зубр» вылецеў у Турцыю 8 лютага і працаваў у эпіцэнтры землятрусу, горадзе Караманмараш. У складзе місіі было 64 чалавекі разам з кіналагічнай службай, спецыяльнай тэхнікай і аварыйна-выратавальнымі інструментамі.

Пасля прыбыцця ў месца прызначэння беларускія ратавальнікі адразу ж пачалі пошукава-выратавальныя работы. У першыя содні ратавальнікі дасталі адну пацярпелую жанчыну з-пад абломкаў разбуранага будынку. Усяго за час пошукава-выратавальных работ беларускія ратавальнікі дасталі з-пад завалаў 51 чалавека, 6 з якіх аказаліся жывыя. Хтосьці пратрымаўся пад заваламі больш за 8 дзён.

Разам з ратавальнікамі ў краіну вярнуліся і беларускія сем’і, якія эвакуяваны з Турцыі. Гэта чатыры беларускі з дзевяццю дзецьмі.

Таксама ў Сірыі працягваюць працу беларускія вайсковыя медыкі. Яны разгарнулі палявы шпіталь у Алепа і аказваюць дапамогу мясцоваму насельніцтву, якое пацярпела ад землятрусу.

Нагадаем, магутны землятрус магнітудай 7,7 адбыўся ў Турцыі 6 лютага. Разбуральныя падземныя штуршкі працягнуліся і на наступны дзень. На гэты момант вядома пра больш за 45 тысяч загінулых у Турцыі і Сірыі.

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў