18 лютага 2021 года суддзя Наталля Бугук агучыла вырак Кацярыне Андрэевай і Дар’і Чульцовай – два гады кожнай у калоніі агульнага рэжыму. Столькі, колькі прасіў пракурор.
Кацярына Андрэева і Дар’я Чульцова сталі фігуранткамі крымінальнай справы аб «Арганізацыі дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак» (арт. 342 КК), пасля прамога эфіру з месца жорсткага разгону сілавікамі дэманстрантаў на плошчы Пераменаў у Менску 15 лістапада 2020 году.
Пасля адміністрацыйнага арышту журналісткі не выйшлі на волю, ім было прадʼяўлена абвінавачванне, а потым прысуджана пакаранне.
Кацярыну Андрэеву і Дарʼю Чульцову абвінавацілі ў тым, што яны нібыта бралі актыўны ўдзел і нават кіравалі «групавымі дзеяннямі, што груба парушаюць грамадскі парадак», якія пацягнулі за сабой парушэнне працы грамадскага транспарту.
Следства сцвярджала, што стрым журналістак з пратэставай акцыі 15 лістапада 2020 году нібыта пацягнуў за сабой прыпыненне руху 13 аўтобусных маршрутаў, трох тралейбусных і трох трамвайных (хаця большасць з гэтых маршрутаў наагул не маюць дачынення да плошчы Пераменаў, дзе іх затрымалі).
Дарʼя Чульцова і Кацярына Андрэева былі накіраваныя адбываць тэрмін пакарання ў Гомель. Адрас для лістоў: ПК №4. 246035, г. Гомель, вул. Антошкіна, 3.
За час свайго зняволення журналісткі сталі сімвалам барацьбы за свабоду слова ў Беларусі і лаўрэаткамі розных міжнародных прэмій, сярод якіх «Free Media Awards 2021», «PRIX Europa», «За свабоду і будучыню ў медыя», «Courage in Journalism Awards».
МГМ belsat.eu