Магілёвец пайшоў у суд, бо аўтобус не спыніўся на прыпынку. І адсудзіў маральную шкоду


Інцыдэнт адбыўся 3 чэрвеня 2020 года. А 23:00 на прыпынку «Траецкая набярэжная» Магілёва Аляксандр Хамратаў чакаў гарадскі аўтобус № 24. І гэты аўтобус насамрэч ехаў згодна з раскладам, але не спыніўся, каб забраць пасажыра. Іншых людзей, акрамя Аляксандра, на прыпынку не было. Аляксандр пастанавіў змагацца за свае правы.

17 лютага суд Кастрычніцкага раёну Магілёва пастанавіў спагнаць з «Магілёўаблаўтатрансу» на карысць Аляксандра Хамратава 50 рублёў кампенсацыі маральнай шкоды. Пастанова яшчэ не набыла моц, яе можна абскардзіць у Магілёўскім абласным судзе.

Аляксандр Хамратаў. Фота з асабістага архіву

«Я заявіў грамадзянскі пазоў і адзначыў маральную шкоду памерам 300 рублёў. Але суд пастанавіў выплаціць мне толькі 50 рублёў. Я лічу гэтую суму занадта малой, яна не кампенсуе маіх пакутаў. Бо калі аўтобус не спыніўся, а праехаў міма, я вельмі моцна расхваляваўся, у мяне разбалелася галава, узнікла пачуццё трывогі», – заявіў Аляксандр.

На судзе прадстаўнік «Магілёўаблаўтатрансу» запярэчыў Аляксандру: «Кіроўца аўтобуса не ўбачыў у дзеяннях чалавека на прыпынку яўных намераў здзейсніць паездку і ў сувязі з гэтым не спыніўся. Намеру на неажыццяўленне паслуг кіроўца не меў». А юрыстка прадпрыемства наагул заявіла, што факт маральнай шкоды не можа быць пацверджаны, бо Аляксандр мог з’ехаць іншымі відамі транспарту.

Кіроўца ж аўтобуса спаслаўся на тое, што «чалавек нікуды не жадаў ехаць, ён стаяў з мабільным тэлефонам, таму я праехаў міма». Хоць спачатку кіроўца ўвогуле адмаўляў, што бачыў на прыпынку чалавека.

«Я што, павінен быў кідацца пад колы, каб аўтобус спыніўся? Я стаяў на прыпынку, гэтага ўжо павінна быць дастаткова», – тлумачыць Аляксандр.

Той самы аўтобус, што праехаў міма. Фота з асабістага архіву

Кіроўцу аўтобуса дэпрэміявалі яшчэ пасля скаргі Аляксандра ў аўтапарк. Але тады ў Аляксандра не папрасілі прабачэння, а таксама не запрапанавалі скампенсаваць маральную шкоду. І пасажыр з прынцыпу пастанавіў давесці справу да суда.

«На маю думку, неяк нелагічна караць кіроўцу, але пры гэтым не прызнаваць сваёй віны ў судзе. «Магілёўаблаўтатранс» віны не прызнаў, прабачэння не папрасіў і не жадаў добраахвотна прапаноўваць мне кампенсацыю. Гэта не па-чалавечы», – патлумачыў Аляксандр.

Такія грамадзянскія пазовы, на думку Аляксандра, павінны спрыяць павышэнню якасці ажыццяўлення паслуг.

Вольга Васільева, «Белсат»

Стужка навінаў