Палітыкі, сусветныя медыі, дзеячы культуры ды пратэстоўцы падтрымліваюць асуджаных журналістак «Белсату»

Працяг працэсу над Кацярынай Андрэевай і Дар’яй Чульцовай. Дзень чацвёрты. Фота: «Белсат»

18 лютага суддзя Наталля Бугук разам з памочніцаю пракурора Алінаю Касьянчык пакаралі журналістак «Белсату» Кацярыну Андрэеву і Дар’ю Чульцову за стрым 15 лістапада з плошчы Пераменаў, дзе сілавікі разганялі пратэст.. Гэты прысуд выклікаў абурэнне па ўсім свеце.

Рэакцыя «Белсату»

У сваёй заяве з нагоды прысуду тэлеканал «Белсат» назваў рашэнне суду парушэннем «не толькі міжнародных нормаў, але і ўласна заканадаўства Беларусі». Канал таксама звярнуўся да нашых журналістаў «з Еўрапейскага Звязу, ЗША, усяго дэмакратычнага свету з заклікам праявіць салідарнасць з нашымі журналісткамі, пісаць пра іхнае зняволенне, каб такім чынам уплываць на палітыкаў з вашых краінаў, заахвоціць іх да дзеянняў у справе вызвалення Кацярыны і Дар’і».

«Не што іншае, як чорны дзень у гісторыі беларускай журналістыкі і Беларусі», – ахарактарызаваў прысуд віцэ-дырэктар «Белсату» Аляксей Дзікавіцкі.

Муж асуджанай Кацярыны Андрэевай журналіст Ігар Ільяш заклікаў калегаў з беларускіх медыяў казаць «яшчэ больш праўды, яшчэ больш фактаў», каб паказаць што за кратамі – месца ўладаў.

Адвакат асуджаных Сяргей Зікрацкі назваў прысуд абсалютна незаконным і неабгрунтаваным. І паабяцаў абскарджваць яго «да таго моманту, пакуль гэта будзе магчыма».

Журналісты салідарныя з асуджанымі

Журналісцкая супольнасць не засталося ўбаку. Беларуская асацыяцыя журналістаў выступіла з заявай, у якой патрабуе перагледзець судовую пастанову ў справе Дар’і Чульцовай і Кацярыны Андрэевай, вызваліць іх з-пад варты і спыніць пераслед журналістаў ды медыяў у краіне.

Прысуд стаў топаваю навіной у беларускіх медыях. Але пра яго напісалі і такія сусветныя медыябрэнды, як «The Washington Post», «BBC News», «The Guardian», «Associated Press», «El Mundo», «Die Presse», «Deutsche Welle», «France 24» ды іншыя.

А вось міністра інфармацыі Ігара Луцкага прысуд журналісткам «Белсату» ніяк не бянтэжыць.

«Калі пасадзілі, то, напэўна, было за што», – заявіў ён.

«Беларусы змогуць дабіцца праўды і свабоды»

Лідарка беларускага дэмакратычнага пратэсту Святлана Ціханоўская таксама асудзіла вырак журналісткам «Белсату» Кацярыне Андрэевай і Дар’і Чульцовай. Яна падкрэсліла, што беларусы змогуць дабіцца «праўды і свабоды – дзякуючы Кацярыне Андрэевай, Дарʼі Чульцовай, усім сумленным журналістам, дактарам, праваабаронцам, валанцёрам і ўсім адважным беларусам».

Кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка паабяцаў дамагацца санкцыяў для суддзяў, якія выносяць палітычныя прысуды. Паводле яго, «у будучыні наступіць крымінальная адказнасць у дачыненні тых, хто парушыў прысягу правасуддзя».

У Вольгі Кучарэнкі, стрыечнай сястры забітага пратэстоўцы Рамана Бандарэнкі, акцыю памяці якога і асвятлялі перад затрыманнем Кацярына Андрэева і Дар’я Чульцова, прысуд выклікаў шок.

«Шчыра кажучы, я ў шоку, бо спадзявалася на больш пазітыўны вынік. Я мяне проста няма словаў. Я не ўяўляю, як людзі, якія не зрабілі нічога супрацьзаконнага, цяпер на два гады пазбаўленыя волі. Гэта проста жах», – заявіла Вольга Кучарэнка.

Расейскія інтэлектуалы запісалі відэа на падтрыманне журналістак «Белсату».

«Гэта проста ганьба – саджаць самых неабыякавых і сумленных людзей краіны», – абураецца журналіст і рэжысёр Андрэй Лашак.

«Вы – сапраўдныя гераіні!» – кажа лідарка фонду «Русь сидящая» Вольга Раманава.

«Кідаць журналістаў за краты за тое, што яны журналісты, – гэта злачынства, за якое трэба будзе адказваць», – заяўляе Сяргей Пархоменка, журналіст і выдавец, аўтар праекту пра рэпрэсіі «Последний адрес».

Патрабуе неадкладнага вызвалення журналістак ды іншых палітычных вязняў і Беларускі фонд культурнай салідарнасці.

«Як хочацца думаць, што гэта дрэнны сон, але гэта праўда», – напісала ў сваім Instagram пераможца дзіцячага «Еўрабачання» 2005 года Ксенія Сітнік.

А жыхары менскага Сельгаспасёлку ўжо зладзілі акцыю супраць прысуду Кацярыне Андрэевай і Дар’і Чульцовай.

МГ belsat.eu

Hавiны