Крычалі «Жыве Беларусь!». У Смаргоні – затрыманні на палітычным судзе


Старшыня суда ў Смаргоні выклікала міліцыю на людзей, якія выказвалі салідарнасць з асуджанымі паводле палітычных справаў. Пра гэта паведамляе «Вясна».

Суд Смаргонскага раёну 18 лютага абвесціў прысуд у крымінальнай справе Руслана Валюка ды Інэсы Маркавай. Іх вінавацілі паводле ч. 2 арт. 188 КК за паклёп. Паводле абвінавачання, Руслан і Інэса расклеілі ў верасні 2020 года ў Смаргоні ўлёткі, у якіх змяшчаліся «заведама ілжывыя» звесткі, што нібыта зганьбілі міліцыянтаў.

Руслан Валюк.
Фота: spring96.org

На судовым пасяджэнні 12 лютага пракурор Андрэй Клышэвіч запатрабаваў «ацаніць» дзеянні абвінавачваных двума гадамі абмежавання волі. Пазіцыю пракурора падтрымалі і міліцыянты, у тым ліку начальнік аддзелу аховы правапарадку Смаргонскага РАУС Руслан Ткачоў.

І хоць адвакат заявіў пра неабходнасць апраўдаць падвіноўных праз адсутнасць складу злачынства, суддзя Людміла Міхневіч абвясціла прысуд: Руслану Валюку – два гады абмежавання волі з накіраваннем ва ўстанову адкрытага тыпу, Інэсе Маркавай – два гады без накіравання. Руслану Валюку стала блага, у суд выклікалі хуткую дапамогу.

Старшыня суда Смаргонскага раёну Алена Пятрова.
Фота: spring96.org

Пасля абвяшчэння прысуду ў калідоры скандавалі «Жыве Беларусь!». Адразу ж старшыня суда Людміла Пятрова забараніла дзяжурнаму міліцыянту выпускаць з суда прысутных, а сама выклікала міліцыю. У будынку заблакавалі каля 20 асобаў. Некаторыя ўцяклі праз акно. Дзевяцёх астатніх павялі ў мясцовы РАУС.

МГ belsat.eu

Стужка навінаў