Кацярыне Андрэевай і Дар’і Чульцовай далі па 2 гады зняволення

Сёння ў судзе Фрунзенскага раёну Менску скончылі разглядаць крымінальную справу ў дачыненні нашых каляжанак Кацярыны Андрэевай і Дарʼі Чульцовай. Суддзя Наталля Бугук агучыла вырак: два гады ў калоніі агульнага рэжыму. Столькі, колькі прасіла пракурорка.

Кацярыну Андрэеву і Дарʼю Чульцову абвінавацілі ў тым, што яны нібыта бралі актыўны ўдзел і нават кіравалі «групавымі дзеяннямі, што груба парушаюць грамадскі парадак», якія пацягнулі за сабою парушэнне працы грамадскага транспарту. Следства сцвярджала, што стрым журналістак з пратэставай акцыі 15 лістапада нібыта пацягнуў за сабою прыпыненне руху 13 аўтобусных маршрутаў, трох тралейбусных і трох трамвайных (хаця большасць з гэтых маршрутаў наагул не маюць дачынення да плошчы Пераменаў, дзе іх затрымалі).

«Прымітыўны акт помсты спецслужбаў». Што трэба ведаць пра суд над Дар’яй Чульцовай і Кацярынай Андрэевай

Справу разглядала суддзя Наталля Бугук. Пракурорка запатрабавала для дзяўчат два гады зняволення ў калоніі агульнага рэжыму. Суддзя яе падтрымала. Акрамя таго, Кацярына Андрэева і Дар’я Чульцова ў поўным аб’ёме скампенсавалі шкоду, якую выставіў «Менсктранс»: 11 562 рублі і 14 капеек.

Кацярына Андрэева і Дар’я Чульцова былі затрыманыя 15 лістапада за стрым, падчас якога паказалі жорсткі разгон акцыі памяці Рамана Бандарэнкі і разбурэнне сілавікамі народнага мемарыялу на плошчы Пераменаў. Спачатку на дзяўчат склалі адміністратыўныя пратаколы паводле арт. 23.34 і 23.4 КаАП: іх звінавацілі ў тым, што яны нібыта бралі ўдзел у несанкцыянаванай акцыі пратэсту і не падпарадкоўваліся пры гэтым міліцыі. 17 лістапада суд Кастрычніцкага раёну пакараў журналістак за прафесійную дзейнасць 7 соднямі адміністратыўнага арышту. У пастанове адзначалася, што складу злачынства ў іхных дзеяннях няма.

20 лістапада ім выставілі абвінавачанне паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу («Арганізацыя і рыхтаванне дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак»). Для дзяўчат абралі меру стрымання ў выглядзе арышту, яны былі этапаваныя ў жодзінскую турму. Там іх трымалі ў розных камерах.

ЯП/ДР belsat.eu

 

Hавiны